Беларуская Служба

Будзе прыняты яшчэ адзін пакет санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі

18.07.2023 18:50
Апошні раз ЕС уводзіў санкцыі супраць рэжыму ў Мінску год таму.
Szymon Szynkowski vel Sęk
Szymon Szynkowski vel SękPR3

Будзе яшчэ адзін пакет санкцый Еўракамісіі ў дачыненні да Беларусі – заявіў міністр па справах Еўрасаюза Шыман Шынкоўскі вель Сэнк. Усе працэдуры будуць завершаны ў бліжэйшыя дні.

Шынкоўскі вель Сэнк на прэс-канферэнцыі паведаміў, што санкцыі закрануць, у тым ліку, канкрэтных асоб.

«Індывідуальныя санкцыі прадугледжваюць унясенне 39 чалавек, адказных за палітычныя рэпрэсіі, у тым ліку вінаватых у пераследзе і асуджэнні Анджэя Пачобута, у спіс замарожвання сродкаў і забароны на ўезд у ЕС», – падкрэсліў міністр.

У сваю чаргу сектаральныя санкцыі будуць распаўсюджвацца на экспарт тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, якія выкарыстоўваюцца ў ваенных мэтах, зброі, боепрыпасаў і прадуктаў, знойдзеных на полі бою ва Украіне, а таксама тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці, растлумачыў міністр Шынкоўскі вэль Сэнк.

Праект санкцый Еўракамісія падрыхтавала ў канцы студзеня і з таго часу вядуцца перамовы.

Польшча пры падтрымцы Літвы апошнім часам шмат разоў звярталася па дазвол увесці санкцыі супраць беларускага рэжыму. Варшава падкрэслівае, што Еўрасаюз, каб эфектыўна змагацца з абыходам санкцыяў супраць Расіі, мусіць пашырыць абмежаванні і супраць Беларусі.

Апошні раз ЕС уводзіў санкцыі супраць рэжыму ў Мінску год таму.

яс/IAR