5 жніўня Расія нанесла ракетны ўдар па Украіне. Амаль адразу ж пасля абвяшчэння трывогі ўкраінскія ВПС паведамілі, што ракеты былі запушчаныя і з тэрыторыі Беларусі.
Некалькі ракет былі таксама выпушчаныя з расійскага Тамбова. Улады ўкраінскіх ваенных акругаў паведамілі, што ракеты ўпалі ў Хмяльніцкай, Вінніцкай і Жытомірскай абласцях.
Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў у каментары «Укрінфарм» заявіў, што Расія магла імітаваць пускі ракет з тэрыторыі Беларусі з мэтай правакацыі – каб уцягнуць у вайну супраць Украіны.
«Адносна ракет з тэрыторыі Беларусі – верагодна, гэта быў электронны пуск або імітацыя пуску, паколькі на тэрыторыі гэтай краіны размешчаныя расійскія войскі, сілы і сродкі для рознага роду правакацый, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны», – адзначыў ён.
«Фізічна пуску магло і не быць, але ўсё магло быць уладкавана так, быццам пускі адбываліся з тэрыторыі Беларусі. Інфармацыя цяпер правяраецца», – дадаў прадстаўнік ГУР.
Полк Каліноўскага заявіў, што «паводле інфармацыі, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося».
За ўвесь дзень, 5 жніўня 2023 года, з тэрыторыі Беларусі не было зафіксавана запускаў ракет паветранага ці наземнага базіравання, заявіла маніторынгавая група «Беларускі гаюн».
Больш за тое, у раёне 19.00 не было ўзлётаў авіяцыі, якая патэнцыйна магла б запусціць ракету, а таксама не было зафіксавана заходу авіяцыі ў патэнцыйную зону запуску ракет.
Акрамя таго, пасля паведамлення аб нібыта «запуску ракет з тэрыторыі Беларусі», маніторынгавая група «атрымала дастатковую колькасць абвяржэнняў з найбольш верагодных лакацый запуску».
Расійскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі ў студзені 2022 года. Ва Украіне выконвалі баявыя задачы расійскія ВПС, якія размяшчаліся на беларускіх базах. З пачатку ўварвання ва Украіну расійскае войска выпусціла з Беларусі амаль 700 рэактыўных снарадаў з пускавых установак. Апошні раз расіяне нанеслі ракетны ўдар па Украіне з тэрыторыі Беларусі ў кастрычніку 2022 года.
ІАР / вх