Польскія пракуроры і паліцэйскія з міжнароднай следчай групы дакументавалі расійскія злачынствы ва Украіне. Падчас другой паездкі мерапрыемствы праводзіліся ў Сумскай і Чарнігаўскай абласцях.
Следчыя агледзелі разбураныя грамадскія будынкі: бальніцы, школы і дзіцячыя сады. Менавіта гэтыя месцы пацярпелі ад расійскай артылерыі, ракет і беспілотнікаў. У выніку загінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці. У дэлегацыю польскіх паліцэйскіх таксама ўваходзілі тэхнікі, аператары 3D-сканера і піратэхнікі. У сувязі з блізкасцю лініі фронту на месцы таксама працавалі супрацоўнікі контртэрарыстычных падраздзяленняў і ратаўнік.
Міжнародная следчая група па расследаванні ваенных злачынстваў ва Украіне была створаная па ініцыятыве Украіны, Польшчы і Літвы 25 сакавіка мінулага года. Цягам наступных месяцаў да каманды далучыліся Латвія, Эстонія, Славакія і Румынія, а таксама Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Сёлета ў сакавіку група падпісала дамову аб супрацы з Міністэрствам юстыцыі ЗША.
IAR/нг