Беларуская Служба

Расія: Некаторыя каментатары сумняваюцца ў смерці Прыгожына

24.08.2023 09:01
Ні адзін з рэжымных следчых органаў не пацвердзіў, што цела Яўгена Прыгожына апазнанае.
Некаторыя каментатары сумняваюцца ў смерці ПрыгожынаPAP/EPA/RUSSIAN INVESTIGATIVE COMMITEE HANDOUT/ PAP/EPA/SERGEI ILNITSKY/POOL

Расія расследуе катастрофу самалёта кіраўніка Групы «Вагнер» Яўгена Прыгожына. На борце павінен быў знаходзіцца бізнесмен, якога міжнародная супольнасць абвінавачвае ў тэрарызме.

Ратавальнікі, якія працавалі на месцы, выявілі целы 3 членаў экіпажа і 7 пасажыраў. Ні адзін з рэжымных следчых органаў не пацвердзіў, што цела Яўгена Прыгожына апазнанае.
Пра яго прысутнасць у самалёце сведчыць толькі спіс пасажыраў. Некаторыя незалежныя каментатары сумняваюцца, ці сапраўды на борце машыны знаходзіліся кіраўнік «вагнераўцаў» і яго намеснік Дзмітрый Уткін.

Дзяніс Караткоў з сайта расследаванняў "Дасье" не ўпэўнены, што Яўген Прыгожын сапраўды загінуў у авіякатастрофе.

«Я не буду рызыкаваць і выстаўляць нейкія прагнозы і здагадкі. Магло здарыцца ўсё, што заўгодна. Толькі калі на месцы будуць трупы і нам іх пакажуць, гэта істотна знізіць рызыку магчымай містыфікацыі, арганізаванай самім Прыгожыным», — сказаў незалежны журналіст.

Іншы незалежны публіцыст Сяргей Кавальчанка таксама дапускае магчымасць падману.

«Калі б Прыгожын сапраўды быў у другім самалёце, яму трэба было як мага хутчэй уцякаць да мяжы, таму што цяпер у Расіі за яго не дасць ніхто ні капейкі», — сказаў ён.

З іншага боку, палітолаг Абас Галямаў адзначае, што пасля няўдалага паўстання Яўген Прыгожын паводзіў сябе так, быццам лічыў, што ён і яго праекты занадта каштоўныя для Крамля, і таму на яго ніхто не падыме руку.

«Відаць, такая логіка яго падвяла. Ён недаацаніў, наколькі Пуцін ненавідзіць яго асабіста», — падкрэсліў палітолаг.

Толькі праз некалькі гадзін пасля крушэння следчыя выявілі фрагмент крыла разбітай машыны. Ён павінен быў знаходзіцца больш чым за два кіламетры ад месца крушэння. Некаторыя сведкі падзення самалёта казалі, што бачылі ў небе сляды ракет і чулі выбухі, што сведчыць аб тым, што самалёт быў збіты.

яс/IAR