Беларуская Служба

Палова пастаўшчыкоў харчавання для расійскай арміі звязаныя з Прыгожыным

29.08.2023 18:49
У першы год вайны прыбытак прадпрыемстваў уладальніка групы «Вагнер» павялічыўся на 89%.
Яўген Прыгожынкрыніца: Твітэр

Больш за палову пастаўшчыкоў харчавання для Мінабароны Расіі – 18 з 32 – звязаныя з загінулым Яўгенам Прыгожыным, паведаміла выданне «Вёрстка».

За першы год поўнамаштабнай вайны ва Украіне кампаніі-падрадчыкі расійскага Ваенгандлю ў два разы павялічылі прыбытак у параўнанні з 2021 годам.

Паводле інфармацыі выдання, у 2022 годзе справаздачнасць падалі 27 з 32 пастаўшчыкоў харчавання для расійскіх салдат. Іх чысты прыбытак склаў амаль 5 млрд рублёў.

СМІ і незалежныя расследавальнікі звязвалі з Прыгожыным як мінімум 12 кампаній-партнёраў Ваенгандлю. Аднак журналісты ўстанавілі сувязь яшчэ шасці падрадчыкаў Мінабароны з бізнес-імперыяй Прыгожына. З 2020 па 2022 год на іх прыходзілася 70% усёй выручкі, а таксама 66% усяго прыбытку пастаўшчыкоў харчавання для войска. У першы год вайны прыбытак прадпрыемстваў уладальніка групы «Вагнер» павялічыўся на 89%, піша «Карэспандэнт».

Прыгожын загінуў у выніку авіякатастрофы 23 жніўня ў Цвярской вобласці. Прычыны падзення самалёта расследуюцца.

вс