Беларуская Служба

«Еўрасаюз павінен павялічыць намаганні, каб хутка прыняць новых членаў, між іншым, Украіну»

13.09.2023 12:49
Аб гэтым заявіла Урсула фон дэр Ляен, выступаючы сёння ў Страсбургу з прамовай аб стане ЕС.
   .
Урсула фон дэр Ляен.Фота: PAP/EPA/JULIEN WARNAND

Старшыня Еўракамісіі заявіла, што Еўрасаюз павінен павялічыць намаганні, каб хутка прыняць новых членаў: Украіну, Заходнія Балканы, Малдову, а ў будучыні таксама Грузію. Па словах Урсулы фон дэр Ляен, супольнасць павінна падтрымліваць кандыдатаў і падрыхтаваць празрыстыя правілы ўступлення, заснаваныя на вяршэнстве права.

Урсула фон дэр Ляен выступіла сёння ў Страсбургу з прамовай аб стане ЕС. Адной з галоўных тэмаў яе выступу стала «гістарычная задача», якой, на яе думку, з'яўляецца неабходнасць пашырэння супольнасці на новых членаў.
У сваёй прамове старшыня таксама казала пра вайну ва Украіне. Урсула фон дэр Ляен прапанавала пашырыць абарону грамадзян Украіны ў Еўрасаюзе. Еўракамісар таксама падкрэсліў, што Украіна будзе далей атрымліваць падтрымку.

- Наша падтрымка Украіны будзе трывалай. Толькі ў гэтым годзе мы прызначылі 12 мільярдаў еўра на выплату заробкаў і пенсій. Каб падтрымаць працу бальніц, школ і іншых службаў. Дзякуючы нашай прапанове ASAP, мы павялічваем вытворчасць боепрыпасаў, каб дапамагчы задаволіць самыя неадкладныя патрэбы Украіны.

У сваім пасланні Урсула фон дэр Ляен таксама заахвоціла да абмеркавання магчымых змяненняў у дагаворах ЕС, якія закліканы дапамагчы палепшыць функцыянаванне супольнасці, калі яна будзе налічваць больш за трыццаць членаў.

IAR/нг