Беларуская Служба

Еўрасаюз зняў забарону на ўвоз украінскага збожжа, Польшча – прадоўжыла

16.09.2023 10:26
Варшава тлумачыць згаданае рашэнне аховай свайго сельгасрынку.
ЗбажынаArcaion/pixabay.com/CC0 Public Domain


Еўракамісія вечарам у пятніцу, 15 верасня, паведаміла, што часовая забарона на ўвоз украінскага збожжа ў пяць краін не будзе прадоўжаная. У Еўракамісіі заявілі, што Кіеў пагадзіўся ўвесці ўсе прававыя меры на працягу 30 дзён, каб пазбегнуць рэзкага росту коштаў на збожжа. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазітыўна ацаніў рашэнне Еўракамісіі. Ён назваў гэта прыкладам сапраўднага адзінства і даверу.

У той жа час улады Польшчы з поўначы прадоўжылі забарону на ўвоз украінскага збожжа, нягледзячы на рашэнне Еўракамісіі зняць эмбарга. Падобным чынам паступілі Венгрыя і Славакія. Згаданыя краіны тлумачаць такое рашэнне аховай сваіх сельгасрынкаў.

У красавіку пяць краін Цэнтральнай Еўропы (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія і Славакія) забаранілі імпарт збожжа і іншых відаў сельгаспрадукцыі з Украіны. Пазней яны адмянілі гэтыя меры ў абмен на рашэнне Еўракамісіі ўстанавіць спачатку да 5 чэрвеня, а затым да 15 верасня эмбарга на пастаўкі з Украіны чатырох відаў збожжавых і алейных культур: пшаніцы, кукурузы, рапсу і насення сланечніка. Гэтыя пяць краін хацелі прадаўжэння эмбарга прынамсі да канца года.

вс