Беларуская Служба

«Forbes»: Расія выдаткавала на вайну супраць Украіны больш за 167 млрд долараў

17.09.2023 11:06
Расія да гэтага часу выдаткавала каля 167,3 мільярда долараў на вайну супраць Украіны. Кожны дзень Крэмль траціць на гэтыя мэты каля 300 мільёнаў долараў, паведамляе ўкраінскае выданне часопіса Forbes.
Ілюстрацыйнае фотаShutterstock/ Kutsenko Volodymyr

Forbes ацэньвае кошт знішчанай расійскай тэхнікі ў 34 мільярды долараў, а кошт заробкаў – у 35,1 мільярда долараў. Гэтыя ацэнкі грунтуюцца на інфармацыі ад украінскага Генштаба.

Больш за ўсё выдаткаў на ваенныя дзеянні прыходзіцца на вядзенне саміх баявых дзеянняў – гэта каштавала Расіі прыкладна 51,3 мільярда долараў. Forbes не ўключае пастаянныя выдаткі Расіі на абарону або эканамічныя страты, выкліканыя вайной, у кошт цяперашняй вайны.

Кошт вядзення баявых дзеянняў ($51,3 млрд) уключае: кошт адпрацаваных ракетна-артылерыйскіх боепрыпасаў, а таксама ваеннага забеспячэння (патронаў, паліва, харчавання) для арміі. Кошт ракет, якімі Расія дагэтуль абстрэльвае ўкраінскую тэрыторыю, паводле Forbes, складае 21,1 мільярда долараў.

У 2022 годзе расійская артылерыя выкарыстоўвала ў сярэднім 50 тысяч патронаў у дзень. Цяпер тэмпы ўпалі да 10 тысяч патронаў кожны дзень. Сярэдняя цана аднаго артылерыйскага снарада складае 1000 долараў ЗША, гэта значыць, што з лютага 2022 года расіяне выдаткавалі на пастаўкі артылерыі больш за 9 мільярдаў долараў, – піша Forbes.

Ацэньваючы страты тэхнікі (агульная сума: 34 мільярды долараў), Forbes лічыць, што да гэтага часу Расія страціла 315 баявых самалётаў і 316 верталётаў. Аднак найбольшыя страты панесла авіяцыя ў першыя паўгода вайны. Цяпер украінскія ўзброеныя сілы сканцэнтраваны на знішчэнні расейскай артылерыі і зенітных сістэм. За тры месяцы контрнаступлення ўкраінцы знішчылі амаль 2000 варожых артылерыйскіх сістэм – паведамляе Forbes.

Сума ў 167,3 млрд долараў уключае, акрамя выдаткаў на вядзенне ваенных дзеянняў, абсталяванне і аплату працы, таксама: кампенсацыі параненым (21 млрд долараў) і кампенсацыі сем'ям загінулых расейскіх вайскоўцаў (больш за 25 млрд долараў).

PAP / вх