Беларуская Служба

ЗША перададуць Украіне 50-ы пакет вайсковай дапамогі

04.11.2023 10:03
Пакет уключае ракеты для рэактыўных артылерыйскіх сістэм, артылерыйскія боепрыпасы і зенітныя сістэмы.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Злучаныя Штаты Амерыкі абвясцілі аб чарговым траншы ваеннай дапамогі Украіне на 425 мільёнаў долараў. Пакет уключае ракеты для рэактыўных артылерыйскіх сістэм, артылерыйскія боепрыпасы і зенітныя сістэмы. Большая частка сродкаў з пакета будзе накіравана на доўгатэрміновыя патрэбы абароны Украіны. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі:

- Пентагон абвясціў, што ў рамках апошняга пакета 300 мільёнаў долараў будуць накіраваныя на ўмацаванне доўгатэрміновага ваеннага патэнцыялу Украіны і 125 мільёнаў долараў на прамыя патрэбы абароны. Са сваіх цяперашніх рэсурсаў Пентагон прадаставіць Украіне ракеты для сістэм HIMARS і NASAMS, а таксама артылерыйскія снарады калібра 155 і 105 мм. Украіна таксама атрымае ракеты TOW і супрацьтанкавыя комплексы Javelin і AT-4. У пакет таксама ўваходзяць 3 мільёны патронаў да стралковай зброі і гранатамётаў, аскепкава-фугасныя снарады для ліквідацыі перашкод, супрацьпяхотныя боепрыпасы, 12 грузавых аўтамабіляў для транспарціроўкі цяжкай тэхнікі, запчасткі і палявое абсталяванне. Доўгатэрміновыя кантракты тычацца сістэм супрацьпаветранай абароны. «Дапамога Украіне ў сферы бяспекі – гэта разумная інвестыцыя ў нашу нацыянальную бяспеку. Гэта дапамагае прадухіліць большы канфлікт у рэгіёне і стрымлівае патэнцыйную агрэсію ў іншых месцах», – гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны ЗША.

IAR/аз