Беларуская Служба

Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі адмовіліся пазіраваць для фота разам з Лукашэнкам

01.12.2023 13:41
Гэта не адзіны пратэст падчас кліматычнага саміту COP28.
  COP28.
Сумесная фатаграфія COP28.Foto: Фота: EPA/MAHMOUD KHALED/ UN PRESS OFFICE

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда разам з лідарамі Латвіі і Літвы Эдгарсам Рынкевічсам і Гітанасам Наўседам адмовіліся пазіраваць для групавой фатаграфіі кіраўнікоў дзяржаў падчас кліматычнага саміту COP28 у Дубаі. Палітыкаў на фота не было ў сувязі з прысутнасцю Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўніка Беларусі Еўрасаюз абвінавачвае ў рэпрэсіях супраць апазіцыі і хаўрусе з Расіяй. Агенцтва AFP цытуе прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу: «Гэта называецца сямейным фота. Лукашэнка не належыць да сям'і, часткай якой мы хочам быць». Ён дадаў, што «было б крывадушна стаяць побач кіраўніка дзяржавы, якая стала арэнай расійскай агрэсіі супраць Украіны, і абмяркоўваць будучыню свету і змяненне клімату, як быццам бы нічога не адбылося».

Літва і Латвія, былыя савецкія рэспублікі, зʼяўляюцца аднымі з самых актыўных крытыкаў Уладзіміра Пуціна і прыхільнікаў павелічэння ваеннай дапамогі Кіеву. Абедзве краіны, як і Польшча, абвінавачваюць беларускія ўлады ў арганізацыі наплыву мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Еўрасаюз.

Гэта не адзіны пратэст падчас кліматычнага саміту COP28, які праходзіць у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. З-за прысутнасці ізраільскіх прадстаўнікоў, іранскія дэлегаты пакінулі Дубай. Яны палічылі, што ўдзел Ізраіля ў мерапрыемстве «супярэчыць мэтам і кіруючым прынцыпам канферэнцыі». Іран выйшаў з саміту COP28 праз некалькі гадзін пасля заканчэння сямідзённага перамірʼя паміж Ізраілем і ХАМАС і аднаўлення баявых дзеянняў у сектары Газа.

IAR/нг