Спіс заходніх лідараў, якім украінцы найбольш давяраюць, узначаліў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн з 82% (сумарна тых, хто адказаў «цалкам давярае» або «хутчэй давярае»). На другім месцы, нягледзячы на нядаўнія цяжкасці ў адносінах з Польшчай, апынуўся Анджэй Дуда з 77%. Трэцяе і чацвёртае месцы падзялілі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Рышы Сунак – ім давяраюць 74% апытаных.
З большым адрывам ад першай чацвёркі гэты спіс працягваюць генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг (66%), прэзідэнт Малдовы Мая Санду (62%), канцлер Германіі Олаф Шольц (61%) і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон (55%). Толькі два лідары з гэтага спісу – Байдэн і Урсула фон дэр Ляен – захавалі прыкладна аднолькавы ўзровень даверу за апошні год, да астатніх стаўленне істотна змянілася ў лепшы ці горшы бок.
Пагоршыліся паказчыкі даверу да прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды: летась ён быў абсалютным лідарам у даверы ўкраінцаў за мяжой з вялікім адрывам ад астатніх – але страціў дзевяць працэнтных пунктаў. У той жа час Санду за год павысіла рэйтынг даверу ўкраінцаў на 12 працэнтных пунктаў. На аднолькавы паказчык вырас давер украінцаў да Олафа Шольца і Эмануэля Макрона.
У лістападзе апытанне сацыялагічнай службы Цэнтра Разумкова паказала, што 90% украінцаў вераць у перамогу Украіны ў вайне з расійскімі акупантамі.
Espreso.tv
нг