Апошні рэйтынг Euromonitor International прызнаў Вільню адным са 100 лепшых гарадоў свету, паведамляюць літоўскія СМІ. Сталіца Літвы, якая сёлета адзначае сваё 700-годдзе, упершыню атрымала такі высокі рэйтынг і заняла 92-е месца ў турыстычным рэйтынгу.
«Гэта вынік шматгадовай працы», – кажа мэр Вільні Валдас Бенкунскас. На яго думку, папулярызацыі горада спрыяў у тым ліку паспяховы саміт НАТА, які прайшоў у Вільні ў ліпені гэтага года, смелыя маркетынгавыя рашэнні і вельмі шырокая праграма святкавання 700-годдзя Вільні, якая рыхтавалася некалькі гадоў з удзелам больш за 100 партнёраў, у тым ліку замежных. У выніку ЮНЕСКА палічыла 700-годдзе з дня нараджэння горада годным юбілеем.
Прадстаўнік Euromonitor International Віталь Уладыкін падкрэслівае, што «гарадскія ўлады эфектыўна папрацавалі над развіццём турызму».
«Нягледзячы на ўсе геапалітычныя і эканамічныя выклікі, Вільня змагла істотна паспрыяць актыўнаму аднаўленню турыстычнага сектара пасля пандэміі і прыцягнуць турыстаў з-за мяжы. Сталіца Літвы карыстаецца міжнароднай вядомасцю дзякуючы спрыяльнаму эканамічнаму асяроддзю і актыўнай рэкламнай палітыцы», – сказаў Уладыкін, якога цытуе партал грамадскага вяшчальніка lrt.lt.
Пры стварэнні рэйтынгу лепшых гарадоў Euromonitor International улічвае 55 паказчыкаў у рамках шасці «ключавых слупоў»: эканамічныя і дзелавыя паказчыкі, турыстычныя паказчыкі, інфраструктура, турыстычная палітыка і прывабнасць, а таксама здароўе, бяспека і ўстойлівае развіццё.
Парыж трэці год запар узначальвае рэйтынг. Таксама вылучаюцца Варшава (44-я пазіцыя) і Кракаў (65-я пазіцыя).
ав