Беларуская Служба

Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў: Масква хоча дыскрэдытаваць і раскалоць украінскія ўлады

17.12.2023 10:01
Расія спрабуе стварыць штучны канфлікт у кіраўніцтве ўкраінскай дзяржавы і распаўсюджвае наратыў аб тым, што Украіна не падтрымліваецца партнёрамі.
.
У. Зяленскі падчас візіту ў штаб Узброеных сіл ЗША Камандаванне арміі ў Еўропе і АфрыцыPAP/EPA/UKRAINE PRESIDENTIAL OFFICE HANDOUT

- Расійскі бок працягвае аперацыю ў інфармацыйнай прасторы, накіраваную на дыскрэдытацыю і раскол палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і галоўнакамандуючага генерала Валерыя Залужнага, – падкрэслівае Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў (ISW) у апошнім сваім аналізе.

ISW цытуе суботнюю заяву міністра абароны Украіны Рустэма Умерава, які заявіў, што Расія спрабуе стварыць штучны канфлікт у кіраўніцтве ўкраінскай дзяржавы і праводзіць інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю, у выніку якой распаўсюджвае наратыў аб тым, што Украіна не падтрымліваецца партнёрамі.

Аналітыкі адзначаюць, што, паводле справаздачы, апублікаванай Digital Forensic Research Lab (DFRLab), прадстаўнікі расійскага боку стварылі тысячы фэйкавых акаўнтаў з мэтай паклёпу на тагачаснага міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава. Паводле арганізацыі, фальшывыя акаўнты на платформе TikTok на сямі мовах абвінавачвалі Рэзнікава ў набыцці прадметаў раскошы і наводзілі на думку, што палітык, як і ўрад Украіны ў цэлым, узбагачаўся на вайне.

У аналізе гаворыцца, што ISW пастаянна назірае, як прадстаўнікі Расіі, такія як кіраўнік знешняй выведкі Сяргей Нарышкін або прэс-сакратарка МЗС Марыя Захарава, беспадстаўна сцвярджаюць, што высокапастаўленыя прадстаўнікі заходніх краінаў жадаюць «замяніць» Зяленскага і што паміж Зяленскім і Залужным ёсць канфлікт.
Расійскія крыніцы таксама ўсё часцей паведамляюць пра нібыта ўнутрыпалітычную напружанасць ва Украіне, спрабуючы дыскрэдытаваць уладу, пасеяць недавер паміж грамадствам і ўладай і аслабіць падтрымку Украіны з боку Захаду, пішуць аналітыкі амерыканскага аналітычнага цэнтра.

ав

Залужны плануе новае контрнаступленне ў наступным годзе, піша Welt

16.12.2023 13:04
ЗША атрымалі ад Украіны спіс пажаданняў па ўзбраенні.

Польскія валанцёры даставілі ва Украіну сабаку-мінашукальніка

16.12.2023 17:53
Жывёла дапаможа размінаваць небяспечны ўчастак на Данбасе.