Пакаранне смерцю адбылося ў прыгарадзе Тэгерана Караджы, у турме «Гезель Хесар», адной з найбуйнейшых у краіне, паведамляе Іранская праваабарончая арганізацыя (IHR), якая базуецца ў Нарвегіі.
Іранская прэса пра гэта не паведамляе, афіцыйнага пацверджання ўладаў таксама няма.
Саміра выйшла замуж у 15 гадоў і, паводле слоў яе сваякоў, сістэматычна падвяргалася хатняму насіллю. У 19 гадоў яна была арыштаваная па абвінавачанні ў забойстве мужа. Суд адразу вынес ёй смяротны прыгавор, але яго выкананне было адкладзена па шэрагу бюракратычных прычын.
У момант арышту ў яе было двое дзяцей (адно з іх немаўля), з якімі за мінулыя дзесяць гадоў ёй дазволілі пабачыцца толькі адзін раз – незадоўга да пакарання, у пачатку снежня.
«Саміра на працягу многіх гадоў была ахвярай гендэрнага апартэіду, дзіцячага шлюбу і хатняга гвалту, а сёння стала ахвярай некампетэнтнай і карумпаванай машыны забойстваў гэтага рэжыму», – заявіў кіраўнік IHR Махмуд-Аміры Магаддам.
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International і ўрады шэрагу краін, у тым ліку Вялікабрытанія, шмат гадоў змагаліся за захаванне жыцця маладой жанчыны шляхам перамоваў з іранскімі ўладамі.
«Саміра стала ахвярай дзіцячага шлюбу. Іран павінен спыніць абуральнае абыходжанне з жанчынамі і дзяўчынкамі», – напісаў напярэдадні пакарання ў сацсетцы Х намеснік кіраўніка МЗС Брытаніі Тарык Ахмад.
Па дадзеных праваабаронцаў, колькасць смяротных пакаранняў у Іране прыкметна ўзрасла ў апошні час, толькі ў лістападзе гэтага года былі пакараныя 115 чалавек.
Amnesty International называе гэта серыйнымі забойствамі, санкцыянаванымі дзяржавай, і заклікае Тэгеран спыніцца.
Іранская праваабарончая арганізацыя ў Осла заклікае міжнародную супольнасць прыняць сур'ёзныя меры ў дачыненні да Ірана.
«Гэты рэжым існуе толькі за кошт забойстваў і створанай ім атмасферы страху. Алі Хаменеі і іншыя лідары Ісламскай Рэспублікі павінны адказаць за свае дзеянні», – сказаў Махмуд-Аміры Магаддам.
Саміра Сабзіян стала 18-й жанчынай, пакаранай смерцю ў 2023 годзе. Гэта жахлівая статыстыка, кажуць праваабаронцы.
Для параўнання, па дадзеных IHR, за 11 гадоў – у перыяд з 2010 па 2021 год – былі пакараныя смерцю 164 жанчыны.
Паводле bbc.com/вх