Беларуская Служба

У Германіі перад Калядамі ўзмацнілі ахову Кёльнскага сабора

24.12.2023 08:12
Нямецкая паліцыя ўзмацніла ахову Кёльнскага сабора пасля паведамлення аб магчымым нападзе ісламскіх груповак, запланаваным на Калядную ноч.
 .
Кёльнскі сабор. Ілюстрацыйнае фотаObraz JDPhotography z Pixabay/CC0

Пасля кожнай вячэрняй імшы паліцыянты будуць правяраць увесь сабор з дапамогай службовых сабак.

У вігілію Божага Нараджэння супрацоўнікі паліцыі будуць правяраць усіх, хто прысутнічае перад імшой. Сабор будзе зачынены пасля імшы.«Прымаючы да ўвагі той факт, што тэрарысты па ўсёй Еўропе заклікаюць да нападаў на хрысціянскія святы, асабліва 24 снежня, улады прынялі адпаведныя меры засцярогі ў грамадскіх месцах», — адзначылі ў паліцыі.

У апошнія тыдні міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фэйзер папярэдзіла пра рост пагрозы з боку ісламскіх груп у Германіі і іншых краінах Еўропы.

Нямецкая газета «Bild» раней пісала, што ўлады Аўстрыі, Германіі і Іспаніі атрымалі інфармацыю аб тым, што ісламскія групоўкі жадаюць здзейсніць напады падчас святкавання Каляд і Новага года. У пачатку снежня Міністэрства ўнутраных спраў Іспаніі абвясціла аб узмацненні мер бяспекі на калядны перыяд.

ПР/юл