Беларуская Служба

Парламент Ісландыі прагаласаваў за доўгатэрміновую падтрымку Украіны

30.04.2024 12:12
Ісландыя таксама ахвяруе каля двух мільёнаў еўра на пакупку амуніцыі для Украіны.
Ілюстрацыйнае фотаImage by falco from Pixabay/CC0

Парламент Ісландыі прыняў рэзалюцыю аб доўгатэрміновай падтрымцы Украіны на 2024-2028 гады. Дакумент накіраваны на падтрымку незалежнасці, суверэнітэту, непарушнасці межаў, грамадзянскай бяспекі, гуманітарнай дапамогі і рэканструкцыі Украіны.

Міністр замежных спраў Ісландыі Тордзіс Колбрун Рэйкф'ёрдур Гільфадоцір вітала прыняцце рэзалюцыі Альтынгам (парламентам). «Рашучая падтрымка Украіны з'яўляецца найважнейшым выклікам бяспекі, з якім сутыкаюцца Ісландыя і Еўропа. Міжнародная прававая сістэма, на якой грунтуюцца наша бяспека і ўзровень жыцця, знаходзіцца пад пагрозай у выніку жорсткага ўварвання Расіі ва Украіну», - сказала яна.

На думку палітыка, Рэйк'явік павінен падтрымаць абарону Украіны «рашучым і канкрэтным чынам».

Тордзіс Колбрун Рэйкф'ёрдур Гільфадоцір прадставіла ўраду праграму дапамогі Кіеву ў кастрычніку. Прэм'ер-міністр Ісландыі Б'ярні Бенедыктсан перадаў яго на разгляд у парламент 12 сакавіка.

Ісландыя таксама ахвяруе каля двух мільёнаў еўра на пакупку амуніцыі для Украіны ў сувязі з ініцыятывай, створанай Чэхіяй, а таксама закупіць абсталяванне для ўкраінскіх вайскоўцаў. У сваю чаргу ў лістападзе Ісландыя разам з Эстоніяй паставілі ва Украіны ваенна-палявы шпіталь.

ПР/юл