Беларуская Служба

Дональд Трамп паўтарыў сваё абяцанне, што ён спыніць войны адным тэлефонным званком

19.07.2024 09:02
Дональд Трамп пачаў свой выступ з кранальнага аповеду аб нядаўнім нападзе. 
         .
Дональд Трамп з жонкай на першым выступленні пасля няўдалага замаху. Фота: PAP/EPA/ALLISON DINNER

У сваёй першай прамове пасля няўдалага замаху Дональд Трамп заклікаў да адзінства. Былы прэзідэнт ЗША выступіў на з'ездзе Рэспубліканскай партыі ў Мілуокі. Заявы яго каманды аб тым, што Амерыка ўбачыць змененага Трампа, не спраўдзіліся. Як і раней на выбарчых сустрэчах, Трамп рэзка крытыкаваў Байдэна, перасцерагаў перад нелегальнай іміграцыяй і хваліў Віктара Орбана.

Дональд Трамп пачаў свой выступ з кранальнага аповеду аб нядаўнім нападзе. Аднак далей ён увесь час адыходзіў ад падрыхтаванага тэксту і імправізаваў. Ён паўтарыў, між іншым, ніколі не даказаны тэзіс аб фальсіфікацыі выбараў. «Яны выкарыстоўвалі Covid, каб падмануць. Я больш ніколі гэтага не дазволю», – сказаў ён. Трамп сцвярджаў, што падчас яго кіравання не было войнаў і што, калі ён вернецца ў Белы дом, ва ўсім свеце, у тым ліку ва Украіне, зноў будзе мір. «Я магу спыніць войны адным тэлефонным званком», – заявіў кандыдат у прэзідэнты.

Дональд Трамп заявіў, што ўлада Дэмакратычнай партыі ў ЗША зрабіла магчымым агрэсію Расіі супраць іншых краін. І дадаў, што калі ён стане прэзідэнтам, расійская агрэсія будзе спыненая. Кандыдат-рэспубліканец нагадаў пра войны, якія распачала Масква.

- Падчас адміністрацыі прэзідэнта Буша Расія напала на Грузію, падчас адміністрацыі прэзідэнта Абамы Расія акупавала Крым, а падчас цяперашняй адміністрацыі Расія напала на Украіну. Падчас кіравання прэзідэнта Трампа Расія нічога не зойме.

Трамп спаслаўся на меркаванне Віктара Орбана. «Ён сказаў, што ёсць толькі адзін спосаб вырашыць праблему – вы павінны пераабраць Дональда Трампа, таму што ён трымаў усіх на адлегласці», – сказаў Трамп, дадаўшы, што дасягнуў дамоўленасці нават з Кім Чэн Ынам. «Я з ім паразумеўся. Я думаю, што ён таксама хоча, каб я вярнуўся», – сказаў ён. Трамп таксама заявіў, што калі ён пераможа на выбарах, Амерыка будзе перамагаць.

IAR/нг