Папулярнае ў ЗША каталіцкае малітоўнае прыкладанне Hallow, якое таксама набірае папулярнасць у Польшчы, было выдалена з Apple App Store у Кітаі за «незаконны» кантэнт, піша рэлігійны партал deon.pl.
Аўтар дадатку Алекс Джонс апублікаваў паведамленне ў сацыяльных сетках, у якім паведаміў, што ў панядзелак днём прыкладанне «было забаронена ў App Store у Кітаі». Стваральнік таксама заклікаў маліцца за ўсіх тамтэйшых хрысціян.
Hallow – гэта малітоўнае прыкладанне, якое забяспечвае доступ да каталіцкіх набажэнстваў у аўдыяформе. З моманту запуску ў 2018 годзе, як адзначаюць стваральнікі, статыстыка паказвае, што прыкладанне было спампавана больш за 14 мільёнаў разоў у больш чым 150 краінах. У лютым загрузкі Hallow упершыню занялі першае месца ў краме прыкладанняў для ўсіх катэгорый.
Стваральнік прыкладання Алекс Джонс паведаміў CNA (Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву), што Кітайскае ўпраўленне кіберпрасторы (CAC) вызначыла, што дадатак Hallow «змяшчае кантэнт, які з'яўляецца незаконным у Кітаі і таму павінен быць выдалены». Аднак падрабязных прычын гэтага рашэння кітайскае ведамства не прывяло.
Алекс Джонс сказаў, што колькасць карыстальнікаў каталіцкага дадатку ў Кітаі «вылічваецца тысячамі», хоць дакладных дадзеных, якія б гэта пацвярджалі, няма. Паводле аднаго даследавання, колькасць католікаў у Кітаі дасягнула піка ў 12 мільёнаў у 2005 годзе.
«Мы будзем працягваць імкнуцца як мага лепш служыць нашым братам і сёстрам у Хрысце, якія знаходзяцца ў Кітаі, праз наш вэб-сайт, кантэнт у сацыяльных сетках, але больш за ўсё праз нашы малітвы», – сказаў Джонс.
Камуністычны ўрад Кітая афіцыйна атэістычны. Каталіцызм – адна з нямногіх рэлігій, талераваных дзяржавай. Касцёл у Кітаі падзелены паміж санкцыянаванымі ўрадам кітайскімі каталіцкімі патрыятычнымі асацыяцыямі і «падпольным» Каталіцкім Касцёлам, які пераследуецца і лаяльны да Святога Пасаду.
Deon.pl/ав