Беларуская Служба

Крэмль узаконьвае пераслед нязгодных з яго палітыкай і вайной ва Украіне – ISW

23.07.2024 09:36
Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны (ISW) указваюць, што праект новай расійскай так званай контратэрарыстычнай стратэгіі кадыфікуе тэрміны, каб узаконіць пераслед тых, хто не згодны з палітыкай Крамля і яго вайной супраць Украіны.
.
.skyNext/shutterstock

У справаздачы адзначаюць, што Расія робіць захады па кадыфікацыі тэрмінаў, якія пашыраюць расійскае афіцыйнае вызначэнне экстрэмізму, які пераследуецца, у рамках яе пастаянных намаганняў па крымінальным пераследзе і падаўленні ўнутранай апазіцыі Крамлю і яго вайне ва Украіне.

Міністэрства ўнутраных спраў Расіі апублікавала 22 ліпеня праект новай расійскай так званай контратэрарыстычнай стратэгіі, якая ўстанаўлівае юрыдычныя вызначэнні «русафобіі» і «ксенафобіі», а таксама мяняе вызначэнні «радыкалізму», «процідзеяння экстрэмізму» і «субʼектаў супрацьдзеяння экстрэмізму».

ISW адзначае, што гэтыя азначэнні, якія фармулююць падтрымку зменаў у расійскую Канстытуцыю як «радыкалізм», спрабуюць інфармацыйна звязаць і нават вызначыць апазіцыю да цяперашніх дзеянняў і структуры расійскага ўрада як этнічную нецярпімасць да рускіх, якія падтрымліваюць палітыку Крамля і вайну ва Украіне, нянавісць да рускай культуры і гісторыі, а таксама падтрымку дзяржаў, «недружалюбных» да Расіі ў свядомасці расіян.

Аналітыкі дадаюць, што Крэмль таксама, верагодна, імкнецца выкарыстоўваць гэтыя вызначэнні і далейшыя пераследы, каб выслужыцца перад расійскімі так званымі ўльтранацыяналістамі, паколькі ў апошні час Крэмль узмацняе барацьбу з нелегальнай міграцыяй на фоне этнічнай напружанасці пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам, але не ў стане адэкватна супрацьстаяць пагрозе ісламскага экстрэмізму ў самой Расіі.

Нядаўнія намаганні Крамля па пашырэнні вызначэння экстрэмізму, які падлягае крымінальнаму пераследу, і рэпрэсіі ў інфармацыйнай прасторы, верагодна, былі накіраваныя на заахвочванне самацэнзуры сярод іншадумцаў расіян, а новы праект контратэрарыстычнай стратэгіі, верагодна, таксама мае на мэце пераканаць расіян, што апазіцыя палітыцы і вайне Крамля – гэта апазіцыя расійскаму грамадству, культуры і ідэалам.

У тлумачальнай запісцы да праекту контратэрарыстычнай стратэгіі зазначаецца, што «вырашэнне» праблемы ўнутранага экстрэмізму патрабуе змяненняў ва «ўсіх сферах дзяржаўнай палітыкі, уключаючы нацыянальную, міграцыйную, маладзёжную, культурную і інфармацыйную (палітыку)».

У той жа запісцы таксама падкрэсліваецца важнасць «умацавання традыцыйных расійскіх прававых і маральных каштоўнасцяў», адначасова супрацьдзейнічаючы распаўсюду «радыкальнага нацыяналізму і неанацызму ва ўмовах правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі (вайны ва Украіне) і ўключэння новых тэрыторый (незаконна акупаваных украінскіх земляў)».

Эксперты падсумоўваюць: Крэмль, верагодна, будзе абапірацца на наратывы і ідэалогіі, якія прасоўваюць унутраны нацыяналізм, каб стварыць інфармацыйныя ўмовы для сваёй працяглай ваеннай аперацыі ва Украіне і будучай варожасці да іншых дзяржаў, якія Крэмль лічыць варожымі, пад «русафобскімі» ды іншымі «экстрэмісцкімі» цэтлікамі.

Ключавыя высновы ISW за 22 ліпеня:

  • Расія і Паўночная Карэя ўзмацняюць супрацоўніцтва ў судовай сферы.
  • Расія робіць захады па кадыфікацыі тэрмінаў, якія значна пашыраюць расійскае афіцыйнае вызначэнне экстрэмізму, які падлягае крымінальнаму пераследу, у рамках пастаянных намаганняў па крымінальным пераследзе і стрымліванні ўнутранай апазіцыі да Крамля і яго вайны ў Украіне.
  • Афіцыйныя асобы Курскай вобласці прызначылі крытычна настроенага расійскага ваеннага блогера на пасаду дарадцы ў рэгіянальным урадзе, верагодна, у рамках больш шырокіх намаганняў Крамля супакоіць крытычна настроеных каментатараў праз прадастаўленне ім пэўных рэпутацыйных саступак у абмен на іх павышаную інфармацыйную лаяльнасць.
  • Украінскія войскі нанеслі ўдары з беспілотнікаў па расійскай нафтавай інфраструктуры ў Краснадарскім краі і ваеннай авіябазе ў Растоўскай вобласці 22 ліпеня.
  • Па паведамленнях, грузінскія ўлады абвясцілі ў вышук каля 300 грамадзян Грузіі, якія служылі добраахвотнікамі ў Грузінскім легіёне разам з украінскімі войскамі.
  • Нядаўна расійскія войскі прасунуліся наперад паблізу Ваўчанска, Северска, Тарэцка і Данецка.

вх