Беларуская Служба

Мэр Харкава: Гораду патрэбная сістэма супрацьпаветранай абароны

23.07.2024 15:07
Харкаў, на паўночным усходзе Украіны, пад ударам расійскіх войскаў, патрабуе сістэмы СПА, адзін Patriot не вырашыць праблем.
      .
Разбураны дом у Харкаве пасля расійскай атакі.t.me/ihor_terekhov

«(...) Сёння расіяне нас абстрэльваюць у асноўным з фугасных і кіраваных авіябомбаў і з гэтым трэба нешта рабіць. Нам патрэбныя самыя сучасныя сістэмы супрацьпаветранай абароны, таму што адзін-два Patriot не вырашаць усіх нашых праблем», –  заявіў мэр Харкава Ігар Церахаў у інтэрвʼю сайту РБК-Украіна.

Церахаў патлумачыў, што праз расійскія атакі пашкоджаныя многія энергетычныя аб’екты, у тым ліку разбураныя ўсе гарадскія цеплацэнтралі. Таму ўлады працуюць над дэцэнтралізацыяй электразабеспячэння, вады і цяпла, запэўніў ён.

«Правядзем дэцэнтралізацыю сістэм энерга-, вода- і цеплазабеспячэння. Працуем па ўстаноўцы маламагутных кагенерацыйных установак і газагенератараў, каб у першую чаргу забяспечыць водазабеспячэнне. У нас у Харкаве вельмі вялікая нагрузка на водазабеспячэнне. Частку абсталявання мы ўжо атрымалі», – сказаў ён.

Улады таксама маюць намер усталяваць модульныя кацельні па ўсім горадзе, каб зімой жыхары мелі цяпло ў дамах.

На пытанне, чаму расіяне пастаянна абстрэльваюць Харкаў, мэр заявіў, што гэта тэрор і генацыд.

«Я лічу, што гэта сапраўдны тэрор і генацыд. Калі яны бʼюць па жылых дамах, калі яны разбураюць ланцужкі паставак і важную гарадскую інфраструктуру, гэта генацыд. Што яны хочуць? Людзей хочуць запалохаць, каб яны зʼехалі з горада», – падкрэсліў Ігар Церахаў.

Нягледзячы на ​​расійскія атакі, улады не паведамляюць пра масавыя ўцёкі жыхароў горада, як гэта было на пачатку ўварвання ў 2022 годзе. «Ёсць людзі, якія зʼехалі і ўжо вярнуліся, але насамрэч у Харкаў вяртаецца ўсё больш людзей. (…) Калі вы захочаце купіць білет на цягнік у (наш) горад, то гэта будзе сапраўды складана», – сказаў Церахаў.

PAP/вх