Беларуская Служба

Міністр фінансаў Нарвегіі заклікае ўвесці глабальны падатак на тэхналагічных гігантаў

26.07.2024 09:28
Многія краіны, асабліва ў Еўропе, ужо ўвялі або плануюць увесці падобныя падаткі на лічбавыя паслугі. 
Ілюстрацыйнае фотаImage by Photo Mix from Pixabay/CC0

Міністр фінансаў Нарвегіі заклікаў накласці глабальны падатак на тэхналагічных гігантаў. Трыгвэ Вэдум лічыць, што такія кампаніі павінны плаціць глабальны падатак за выкарыстанне асабістых дадзеных людзей.

Паводле слоў нарвежскага міністра, для таго, каб такі падатак запрацаваў, неабходна міжнароднае супрацоўніцтва, бо - падкрэслівае ён - «лічбавы свет глабальны». «Нам трэба знайсці справядлівы спосаб падзяліцца фінансавымі выгодамі ад выкарыстання нашых даных тым, хто на самой справе стварае гэтыя рэсурсы», — сказаў Ведум на сустрэчы прадстаўнікоў G20 у Бразіліі.

Многія краіны, асабліва ў Еўропе, ужо ўвялі або плануюць увесці падобныя падаткі на лічбавыя паслугі. Хаця на сённяшні дзень глабальных падаткаў няма, каля 140 краін раней пагадзіліся на мінімальную стаўку карпаратыўнага падатку ў 15 працэнтаў.

Нядаўна Суд Еўрапейскага саюза адхіліў пазоў уладальніка TikTok, кампаніі Bytedance, супраць рашэння Еўрапейскай камісіі прызнаць прыкладанне платформай з асаблівым уплывам на грамадства ў адпаведнасці з Законам аб лічбавым рынку.

На пачатку ліпеня Еўракамісія таксама абвінаваціла Meta (амерыканскі тэхналагічны кангламерат, уладальніка, у прыватнасці, Facebook, Instagram і Whatsapp) у парушэнні палажэнняў Закона аб лічбавым рынку адносна рэкламнай мадэлі «плаці або згаджайся», пагражаючы мільярдным штрафам.

Рэгулюючыя органы ЕС раней сцвярджалі, што Apple не выконвае закон, не дазваляючы распрацоўшчыкам прыкладанняў свабодна накіроўваць кліентаў на іншыя спосабы аплаты. Працягваюцца расследаванні ЕС супраць Alphabet (мацярынскай кампаніі Google), Amazon і Microsoft.

ПР/юл