Беларуская Служба

У Харватыі запусцілі інтэрнэт-петыцыю супраць масавага турызму

27.07.2024 13:15
У анлайн-петыцыі патрабуюць ліквідацыі кватэр, якія здаюцца ў арэнду ў шматкватэрных дамах.
.
.PAP/EPA/LUCA ZENNARO

Харвацкая грамадзянская ініцыятыва «Арандатары разам» запусціла анлайн-петыцыю з патрабаваннем ліквідацыі кватэр, якія здаюцца ў арэнду ў шматкватэрных дамах – паведамляе партал Index. Як падкрэсліваецца ў петыцыі, гэтыя кватэры масава прапануюцца турыстам, у выніку чаго харваты сутыкаюцца з недахопам жылля.

«ТАК для выкраслення здымных кватэр з шматкватэрных дамоў, НЕ – масаваму турызму», – заклікалі ініцыятары петыцыі. Ініцыятары гэтага праекту сцвярджаюць, што якасць жыцця маладых людзей, якія не могуць знайсці кватэру, пагаршаецца з-за таго, што будынкі разбіваюць на невялікія кватэры, якія прапануюць турыстам. «Мы звяртаемся да ўсіх, хто пакутуе ад масавага турызму і хоча змяніць нашу краіну да лепшага», – заклікалі прадстаўнікі руху «Арандатары разам». У суботу петыцыя набрала больш за 1,1 тысячы подпісаў.

Ініцыятары гэтай сацыяльнай акцыі ацанілі, што «празмерны падзел будынкаў на малакватэрныя часткі з'яўляецца незаконным, парушае гарантаванае канстытуцыяй права на мірнае, годнае і недатыкальнае сямейнае жыллё, а таксама парушае шэраг (іншых) нарматыўных актаў».

«Мы чакаем рэакцыі міністэрстваў, якія адказваюць за турызм, прасторавае планаванне, жыллё і дэмаграфію, і заклікаем іх як мага хутчэй стандартызаваць сваю палітыку і ўкараніць канкрэтныя змены. Такім чынам жыхары вернуцца ў цэнтры гарадоў і моладзь атрымае магчымасць застацца ў краіне, дзе будзе здымаць ці купляць кватэры для сябе і сваіх будучых семʼяў», – чытаем у звароце.

«Масавы турызм душыць харвацкія гарады і мястэчкі, дзе турысты, дэманструючы адсутнасць павагі да нашай культуры, пасылаюць свету паведамленне, што ў Харватыі кожны можа паводзіць сябе так, як хоча. Такія турысты павінны быць жорстка пакараныя», – падкрэсліла «Арандатары разам». Паводле дадзеных Еўрастата, Харватыя зʼяўляецца краінай Еўрапейскага Саюза, якая найбольш залежыць ад турызму, ствараючы 11% свайго ВУП у гэтым сектары. Сярэдні паказчык па краінах-сябрах ЕС складае 4,5%.

ав