Аперацыя Узброеных сілаў Украіны ў Курскай вобласці РФ, якая доўжыцца амаль два тыдні, магла б выглядаць інакш — Украіна разглядала некалькі магчымых сцэнарыяў. Як піша The Economist, падчас планавання камандаванне разглядала розныя варыянты наступу на самыя слабыя кропкі расійскай лініі абароны. У прыватнасці: удар у Бранскай вобласці, удар у Курскай вобласці, камбінаваны ўдар у двух рэгіёнах адразу, ці яшчэ большы маштаб.
Генерал УСУ Аляксандр Сырскі трымаў свае планы ў таямніцы, расказваючы іх толькі вузкай групе генералаў і супрацоўнікаў службаў бяспекі. Пры гэтым з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім ён гаварыў сам-насам, без свайго штаба.
Інфармацыю вайсковая разведка здабывала самастойна, а не даручала гэта ГУР — яго падключылі толькі на позняй стадыі падрыхтоўкі аперацыі. Па словах адной з крыніц, заходнія саюзнікі таксама не ведалі аб тым, да чаго рыхтавалася Украіна. Абмежаваныя камунікацыі дазволілі ўкраінскім войскам пачаць атаку да таго, як супернік зразумеў, што адбываецца.
Сырскі збіў суперніка з панталыку, схаваўшы прыбыццё самых дасведчаных дывізій. Так, падмацаванне было перакінута ў лясы ў мяжы Курскай вобласці пад маркай абароны ад патэнцыйнага расійскага нападу на Сумы. Адначасова ў СМІ з’явілася інфармацыя, што гэта можа адбыцца неўзабаве.
«Ратацыя адбылася прыкладна за паўтары тыдні да пачатку Курскай аперацыі. Расіяне працягвалі верыць, што мы проста абараняем мяжу», — кажа адзін з суразмоўцаў выдання.
Салдаты пачалі падазраваць, што адбываецца нешта сур’ёзнае, толькі ў пачатку жніўня, калі ім раптоўна выдалі рыштунак — новыя каскі з убудаванымі навушнікамі і новыя штурмавыя вінтоўкі. Пры гэтым раней яны праводзілі вучэнні на макетах, якія, як пазней зразумелі, былі расійскімі вёскамі.
У той жа час 80-я брыгада пачала рыхтавацца да другой хвалі нападу. Сырскі збярог большую частку сілаў менавіта для гэтай часткі аперацыі. Магчыма, менавіта таму Расія спачатку не ўспрыняла прарыў сур’ёзна.
Амаль праз два тыдні пасля нечаканага ўварвання на тэрыторыю Расіі Украіна спрабуе знайсці баланс паміж захопам тэрыторыі ў Курскай вобласці і яе стратай у цэнтры ўсходняга фронту на Данбасе. Хаця ўкраінскія салдаты даволі задаволеныя першым поспехам на мяжы ў Курску, сярод іх ёсць і тыя, хто сумняваецца ў агульнай стратэгіі.
Як заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім штодзённым звароце, задачай Украіны ў Курскай вобласці з’яўляецца стварэнне буфернай зоны на тэрыторыі Расіі і знішчэнне ваеннага патэнцыялу Расіі.
вх