Беларуская Служба

Цэллю атакі «Хезбалы» на Ізраіль была ваенная база, дзе размяшчаецца ваенная разведка

25.08.2024 12:26
У нядзелю раніцай ізраільская армія нанесла прэвентыўны ўдар па ліванскай групоўцы «Хезбала», выявіўшы, што яна рыхтуе напад на поўнач краіны.
    .
Перахоплены ізраільскай арміяй БПЛА "Хезбалы". Фота: PAP/EPA/ATEF SAFADI

Паводле інфармацыі ізраільскай арміі, цэллю атакі ліванскай «Хезбалы», сарванай прэвентыўным авіяўдарам, была ваенная база Глілот у цэнтральнай частцы Ізраіля, дзе размяшчаюцца падраздзяленні ваеннай разведкі, а таксама грамадзянскае разведвальнае агенцтва «Масад», паведамляе штодзёнка Haaretz.

У нядзелю раніцай ізраільская армія нанесла прэвентыўны ўдар па ліванскай групоўцы «Хезбала», выявіўшы, што яна рыхтуе напад на поўнач краіны.

Армія заявіла, што каля 100 знішчальнікаў нанеслі ўдары па тысячах ракетных установак «Хезбалы», размешчаных на тэрыторыі Лівана. Паведамляецца, што большасць з іх былі нацэлены на аб'екты на поўначы Ізраіля, аднак частка прызначалася для нападу на цэнтральную частку краіны. База Глілот знаходзіцца на поўнач ад Тэль-Авіва, недалёка ад горада Герцлія.

Неўзабаве пасля таго, як стала вядома аб ізраільскай атацы, «Хезбала» абвясціла, што выпусціла больш за 320 ракет «Кацюша» і беспілотнікаў па 11 ізраільскіх ваенных базах на поўначы краіны.

Ізраільскае войска паведаміла, што над краінай праляцела прыкладна 210 ракет і 20 беспілотнікаў «Хезбалы». Частка ракет была збітая, шмат упала на адкрытай мясцовасці; некаторыя з іх «нанеслі ўдары, прычыніўшы траўмы і страты», – заявілі ўзброеныя сілы без паведамлення дэталяў.

IAR/нг