Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін папярэдзіў Вялікабрытанію і ЗША, што яны будуць «ваяваць» з Расіяй, калі дазволяць Украіне выкарыстоўваць ракеты вялікай далёкасці для ўдараў па цэлях у Расіі.
Як піша The Times, брытанскі прэм'ер Кір Стармер і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн правядуць сёння ў Белым доме перамовы адносна дазволу Украіне пускаць на РФ ракеты Storm Shadow.
Чакаецца, што ў гэтым пытанні яны прыйдуць да згоды, паколькі Расія закупіла ў Ірана больш за 200 балістычных ракет, што на Захадзе назвалі «значнай эскалацыяй».
Пуцін на расійскім дзяржаўным тэлебачанні ў чацвер падкрэсліў, што гэты крок «істотна зменіць саму прыроду канфлікту», прымусіўшы Маскву адказаць.
«Гэта будзе азначаць, што краіны НАТА знаходзяцца ў стане вайны з Расіяй. Мы прымем адпаведныя рашэнні на аснове пагроз, з якімі мы сутыкнёмся», - заявіў ён.
Брытанскі прэм'ер Кір Стармер рашуча адпрэчыў абвінавачанні Пуціна, нагадаўшы аб праве Украіны на самаабарону.
«Гэты канфлікт пачала Расія. Расія незаконна ўварвалася ва Украіну. Расія можа неадкладна спыніць гэты канфлікт. Украіна мае права на самаабарону», - Стармер такім чынам растлумачыў пазіцыю саюзнікаў.
яс/unian