Беларуская Служба

600 шведскіх бандытаў хаваюцца ў 57 краінах свету, у тым ліку ў Польшчы

13.09.2024 11:54
Паводле інфармацыі шведскай паліцыі, злачынцы належаць да вышэйшага або сярэдняга ўзроўня бандыцкай іерархіі.
Шведская паліцыяMikael Jansson/Shutterstock

Каля 600 бандытаў са Швецыі хаваюцца ў 57 краінах, у тым ліку ў Польшчы, адкуль вядуць злачынную дзейнасць, гаворыцца ў справаздачы Нацыянальнага аператыўнага дэпартамента (NOA) шведскай паліцыі.

Асноўныя месцы пражывання злачынцаў - Іспанія, Турцыя і балканскія краіны. Сярод іншых краін, дзе яны працуюць: Партугалія, Марока, Туніс, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты (Дубай), Ірак, Іран і Калумбія.

Паводле інфармацыі шведскай паліцыі, злачынцы належаць да вышэйшага або сярэдняга ўзроўня бандыцкай іерархіі. Гэтыя людзі маюць кантакты з рэгіянальнымі групамі ў Швецыі і даюць ім інструкцыі, у тым ліку заказваюць забойствы. У асноўным яны гандлююць наркотыкамі, ужываюць гвалт і адмываюць грошы. Астатнія віды дзейнасці ўключаюць гандаль зброяй і махлярства.

У дакладзе падкрэсліваецца, што злачынцы наўмысна выязджаюць за мяжу, каб узмацніць сваю дзейнасць, напрыклад, каб быць побач з месцам перавалкі наркотыкаў з Паўднёвай Амерыкі. Яшчэ адна прычына — жаданне пазбегнуць шведскага правасуддзя.

Па словах кіраўніцы паліцыі Швецыі Петры Лунд, міжнародная злачыннасць аказвае істотны ўплыў на ўнутранае становішча Швецыі. «Мы прынялі многа іншаземцаў, большасць грамадства згодная з тым, што інтэграцыя правалілася», - сказала Лунд у праграме SVT «30 хвілін».

«Пацвярджаем, у нас ёсць сегрэгацыя, зоны гета, у нас ёсць людзі, якія, магчыма, прыйшлі з ганаровай культурай або паходзяць з кланавага грамадства і не давяраюць уладам», — патлумачыла яна.

Сёлета ў Швецыі адбылося 186 стральбаў, у выніку якіх загінуў 31 чалавек, а колькасць падазраваных у забойстве дзяцей павялічылася ў тры разы.

яс