Беларуская Служба

У Малдове сёння праходзяць выбары прэзідэнта

20.10.2024 11:19
На выбарах у прэзідэнты Малдовы балатуецца 11 кандыдатаў. Паралельна з галасаваннем праходзіць рэферэндум аб унясенні еўраінтэграцыі ў канстытуцыю.
20 października Mołdawianie wezmą udział w referendum w sprawie przystąpienia do UE
20 października Mołdawianie wezmą udział w referendum w sprawie przystąpienia do UEShutterstock/Lalandrew

Паводле апытанняў, найбольшыя шанцы на перамогу мае дзейны прэзідэнт Мая Санду, хоць, верагодна, спатрэбіцца другі тур, у які могуць увайсці былы генеральны пракурор Аляксандр Стаяногла або ўмерана прарасійскі Рэната Усаты.

Падчас выбарчай кампаніі было шмат парушэнняў, перш за ўсё з-за актыўнасці Масквы, якая любой цаной хоча дамагчыся паразы празаходняй Маі Санду і адмовы ад еўраінтэграцыі на рэфэрэндуме. Напрыклад, алігарх Ілан Сор, які жыве ў Маскве і быў асуджаны ў Малдове на 15 гадоў турмы за растрату дзяржаўных грошай, стварыў цэлую сетку подкупу выбарцаў, распавядае Польскаму радыё палітычны аглядальнік Аляксей Тулбурэ.

«Паліцыя выявіла цэлую сетку, арганізаваную Крамлём з дапамогай людзей Сора. У ёй 130 тысяч чалавек, хоць кажуць, што іх значна больш», — дадае Тулбурэ.

Паліцыя таксама паведаміла, што толькі ў верасні Масква вылучыла на працу сеткі 15 мільёнаў долараў.

Журналіст Newsmaker Яўген Чэбан адзначае, што гэта паказвае, наколькі важныя для Масквы сённяшнія выбары і рэферэндум. «Яны трацяць велізарныя і, напэўна, беспрэцэдэнтныя сумы для малдаўскай палітыкі», — падкрэслівае ён.

Паводле апытанняў, прыкладна дзве траціны жыхароў Малдовы падтрымліваюць еўраінтэграцыю. Аднак у іх не ўваходзіць тая вялізная дыяспара, якая часцей за ўсё мае празаходнія погляды і таксама будзе сёння галасаваць.

Колькасць людзей з малдаўскімі пашпартамі ацэньваецца ў чатыры мільёны чалавек. З іх толькі ў Малдове пражывае каля двух з паловай мільёнаў.

IAR/вх