На чарговай сустрэчы ў Бруселі 16 снежня міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць сітуацыю ў Грузіі, у тым ліку магчымасць увядзення санкцый ЕС супраць уладаў краіны, паведаміла ў панядзелак прэс-сакратар Еўракамісіі Аніта Хіпер.
Кая Калас, новы кіраўнік дыпламатыі ЕС, заявіла ў нядзелю падчас свайго візіту ў Кіеў, што краіны-члены разглядаюць свой адказ на апошнія падзеі ў Грузіі, у тым ліку санкцыі. Палітык дадала, што разглядаюцца розныя варыянты, але «27» павінны імкнуцца да згоды. Пры гэтым яна падкрэсліла, што людзі, якія санкцыянавалі ўжыванне сілы супраць мірна пратэстуючых грузін, павінны панесці адказнасць.
Паводле неафіцыйных звестак, санкцыі могуць закрануць афіцыйных і палітычных лідараў Грузіі, у тым ліку лідара кіруючай партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі, і ўключаць, напрыклад, адмену візавых спрашчэнняў для грузін.
Не чакаючы сустрэчы міністраў замежных спраў, краіны Балтыі ў нядзелю дамовіліся ўвесці сумесныя санкцыі ў дачыненні да вінаватых у падаўленні антыўрадавых выступаў у Грузіі і абвясцілі, што гэтых людзей у гэтых краінах «не чакаюць».
У канцы кастрычніка Еўрапейская Камісія прыпыніла працэс уступлення Грузіі ў ЕС, абвясціўшы, што не разблакуе яго, пакуль улады ў Тбілісі не пачнуць паважаць каштоўнасці ЕС і не растлумачаць парушэнні, выяўленыя падчас кастрычніцкіх парламенцкіх выбараў.
Прадстаўніца ЕК нагадала ў панядзелак, што будучыня Грузіі ў ЕС залежыць ад улад Грузіі і ад таго, ці вернуць яны краіну «на шлях еўрапейскіх каштоўнасцяў».
ав