Беларуская Служба

Прынамсі сем чалавек, у тым ліку маці і яе дзіця, загінулі ў выніку ізраільскай атакі на школу ў сектары Газа

14.12.2024 18:10
Ізраіль абвінавачвае тэрарыстычную арганізацыю ў хаванні сярод мірных жыхароў, што ХАМАС катэгарычна адмаўляе.
         -,
Забітыя ў выніку ізраільскага авіяўдару ў лягеры для ўцекачоў Аль-Нусэйрат, цэнтральная частка сектара Газа PAP/EPA/MOHAMMED SABER

Прынамсі сем чалавек, у тым ліку маці і яе дзіця, былі забітыя і 12 параненыя ў суботу ў выніку ізраільскай атакі на школу ў сектары Газа, дзе пражываюць палестынскія ўнутрана перамешчаныя асобы, паведамілі мясцовыя медыцынскія чыноўнікі.

Ізраільскае войска паведаміла Reuters, што правярае гэтыя паведамленні.

Раней у суботу ізраільскія вайскоўцы заявілі, што напалі на будынак школы ў горадзе Газа. Яны таксама запэўнілі, што прынялі ўсе меры для абмежавання ахвяр сярод мірнага насельніцтва.

Агенцтва Reuters адзначыла, што пакуль не ясна, ці загінулі падчас аперацыі палестынскія байцы ХАМАС. Ізраіль абвінавачвае тэрарыстычную арганізацыю ў хаванні сярод мірных жыхароў, што ХАМАС катэгарычна адмаўляе.

ХАМАС і іншыя палестынскія тэрарыстычныя групоўкі напалі на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка 2023 г., забіўшы каля 1200 чалавек і выкраўшы 251. У палоне застаюцца 97 чалавек, выкрадзеных у той час. Паводле звестак ізраільскіх вайскоўцаў, некаторыя з іх ужо загінулі.

У выніку ізраільскай кампаніі ў сектары Газа, распачатай пасля гэтай атакі, ужо забіта каля 44 900 палестынцаў. Палестынская тэрыторыя знаходзіцца ў руінах, існуе гуманітарны крызіс, а большасць яе жыхароў сталі ўнутранымі бежанцамі.

ав