Украіна створыць механізм паставак харчавання ў Сірыю. Пра гэта заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Ён паведаміў, што даручыў свайму ўраду цесна супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі і партнёрамі для аказання дапамогі Сірыі пасля падзення рэжыму прэзідэнта Башара Асада.
"Мы гатовыя дапамагчы Сірыі прадухіліць харчовы крызіс, у прыватнасці, праз гуманітарную праграму „Збожжа з Украіны", — напісаў прэзідэнт Украіны на партале X.
Украіна з’яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў збожжа і алейных культур у свеце. Яна экспартуе пшаніцу і кукурузу ў краіны Блізкага Усходу. Сірыя імпартавала харчаванне з Расіі ў часы рэжыму Башара Асада, але пастаўкі расійскай пшаніцы былі спыненыя.
Украінскі экспарт харчавання быў сур'ёзна абмежаваны праз расійскае поўнамаштабнае ўварванне ў лютым 2022 года. З таго часу пастаўкі праз Чорнае мора былі абмежаваныя. Украіна ажыццяўляе экспарт праз парты ў раёне Адэсы.
У сваю чаргу, нямецкае выданне Bild паведамляе, што Данія заплаціць па €27 000 сірыйцам, якія добраахвотна вернуцца на радзіму. Акрамя таго, на кожнае дзіця — яшчэ па €6700. Гэтыя выплаты прадугледжаны ў рамках праграмы рэпатрыяцыі.
Урад заяўляе, што такая ініцыятыва эканамічна аплачваецца, бо значная частка сірыйскіх уцекачоў не мае працы.
IAR/UNIAN/нг