Ёсць ужо першыя запісы ў санкцыйным спісе ЕС за гібрыдныя дзеянні Расіі. Чорны спіс пакуль застаецца сакрэтным, але яго ўжо бачыла брюсельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка. Згодна планам, яго павінны зацвердзіць заўтра міністры замежных спраў краін Еўрапейскага саюза на сустрэчы ў Бруселі.
Асобы, уключаныя ў спіс, атрымаюць забарону на ўезд у ЕС, а іх актывы ў Еўропе будуць замарожаныя. Акрамя таго, яны не змогуць атрымліваць фінансаванне ад Еўрасаюза.
Прававая база, якая дазваляе ўводзіць санкцыі за гібрыдныя дзеянні як у ЕС, так і ў іншых частках свету, была ўзгодненая ўсімі 27 краінамі-членамі два месяцы таму. Зараз краіны ЕС стварылі чорны спіс санкцый. Абмежаванні ўступяць у сілу пасля публікацыі ў Афіцыйным журнале ЕС. Да гэтага часу спіс застаецца сакрэтным, каб не дазволіць асобам, уключаным у яго, пазбегнуць санкцый.
Першая група, якая трапіць пад санкцыі, уключае 16 чалавек, у асноўным расіян, але ёсць таксама грузіны і малдаване. У гэты спіс увайшлі прадстаўнікі спецслужбаў, ваенныя, прадпрымальнікі, так званыя эксперты і журналісты, якія на самой справе - прапагандысты. У чорным спісе таксама знаходзяцца тры арганізацыі і агенцтвы, якія арганізуюць дыверсійныя дзеянні ў Еўропе, а таксама распаўсюджваюць дэзінфармацыю і маніпуляцыі за межамі ЕС.
Beata Płomecka/нг