Беларуская Служба

Урад Шольца не атрымаў вотум даверу. Гэта адкрывае дарогу да датэрміновых парламенцкіх выбараў

17.12.2024 08:21
Бундэстаг у панядзелак адмовіўся выказаць вотум даверу канцлеру Германіі Олафу Шольцу.
Олаф ШольцPAP/EPA/HANNIBAL HANSCHKE

Гэта рашэнне адкрывае дарогу да датэрміновых парламенцкіх выбараў у лютым 2025 года. Пасля галасавання Шольц накіраваўся да прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера з просьбай распусціць Бундэстаг.

Кіруючая кааліцыя СДПГ, Зялёных і СвДП на чале з Олафам Шольцам страціла большасць пасля адстаўкі міністра фінансаў Крысціяна Лінднера ў лістападзе. Страчаны вотум даверу - адзіны канстытуцыйны спосаб для канцлера выклікаць датэрміновыя выбары. Урад меншасці Шольца застанецца на пасадзе да фармавання новага парламента, што павінна адбыцца не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў.

Як нагадваюць нямецкія СМІ, кааліцыя прыйшла да ўлады пад лозунгамі прагрэсу і мадэрнізацыі краіны. «З часам мала што засталося ад духу аптымізму і згуртаванасці, якія характарызавалі фарміраванне гэтага ўрада», — піша ў панядзелак сайт Tagesschau.

У дэбатах напярэдадні галасавання Шольц рэзка атакаваў былога партнёра па кааліцыі Свабодную дэмакратычную партыю (СвДП). На чале з міністрам фінансаў Крысціянам Лінднерам лібералы «сабатавалі» працу на працягу некалькіх тыдняў, наносячы шкоду не толькі ўраду, але і дэмакратыі, сказаў ён. Як ён адзначыў, краіна мае патрэбу ў інвестыцыях у эканоміку і армію, а супраціўленне Лінднера павелічэнню дэфіцыту бюджэту зрабіла немагчымым атрыманне неабходных сродкаў. Лінднэру не хапае «маральнай сталасці», дадаў канцлер.

Лідар хрысціянска-дэмакратычнай апазіцыі Фрыдрых Мерц назваў выступ канцлера «чыстым нахабствам». На яго думку, урад пакідае краіну ў разгар «найбуйнейшага эканамічнага крызісу з часоў Другой сусветнай вайны». Мерц падкрэсліў, што Германія знаходзіцца ў рэцэсіі другі год запар, і абвінаваціў канцлера ў тым, што ён зацягнуў краіну ў даўгі за кошт будучых пакаленняў. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў яго выступленні ні разу не выкарыстоўваўся тэрмін «эканамічная канкурэнтаздольнасць».

Ён таксама абвінаваціў Шольца ў кампраметацыі Германіі ў ЕС і ўхіленні ад прыняцця пазіцыі па важных пытаннях.

ав