Еўрапейская камісія распачала ў аўторак справу супраць TikTok па падазрэнні ў парушэнні заканадаўства ЕС. Справа датычыцца выкарыстання пляцоўкі для замежнага ўмяшання ў ход прэзідэнцкіх выбараў у Румыніі.
«Мы павінны абараняць нашы дэмакратыі ад любога замежнага ўмяшання. Кожны раз, калі мы падазраём такое ўмяшанне, асабліва падчас выбараў, мы павінны дзейнічаць хутка і рашуча. Улічваючы сур'ёзныя падазрэнні, што замежныя суб'екты ўмешваліся ў прэзідэнцкія выбары ў Румыніі з дапамогай TikTok, мы старанна высвятляем, ці TikTok парушыў Закон аб лічбавых паслугах», — заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.
Нацыянальны савет румынскага вяшчання (CNA) і Вышэйшы савет нацыянальнай абароны (CSAT) абвінавацілі платформу TikTok у прадастаўленні прэферэнцый прарасійскаму праварадыкальнаму кандыдату Кэліну Джорджэску падчас прэзідэнцкай кампаніі.
Джорджэску заняў першае месца ў першым туры выбараў 24 лістапада, набраўшы амаль 23 працэнты галасоў. Другі тур выбараў павінен быў адбыцца 8 снежня, але Канстытуцыйны суд Румыніі прызнаў прэзідэнцкія выбары несапраўднымі, матывуючы гэта парушэннем выбарчых працэдур.
Камісія будзе расследаваць сістэмы рэкамендацый кантэнту TikTok, у прыватнасці рызыкі маніпуляцый і скажэння, а таксама палітыку кітайскай платформы ў дачыненні да палітычнай рэкламы і платнага палітычнага кантэнту. Калі падазрэнні Камісіі апраўдаюцца, то гэта будзе азначаць, што TikTok парушыў заканадаўства ЕС.
Калі Камісія відавочна выявіць парушэнне Закона ЕС аб лічбавых паслугах (DSA), яна можа прыняць рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры да 6% ад сусветнага абароту кампаніі.
ав