Тры польскія капрадукцыі ўвайшлі ў «шорт-ліст», з якога будуць абраныя пяць фільмаў, намінаваных на прэмію Оскар у розных катэгорыях.
«Дзяўчына з іголкай» у рэжысуры Магнуса фон Хорна (капрадукцыя польска-дацка-шведская) увайшла ў шорт-ліст у катэгорыі найлепшы поўнаметражны міжнародны фільм. Гісторыя, заснаваная на рэальных падзеях, апавядае пра жанчыну, якая шукае кахання і маральных каштоўнасцей. Караліна, маладая працаўніца фабрыкі ў Капенгагене, апынаецца ў складанай жыццёвай сітуацыі і звяртаецца па дапамогу да выпадкова сустрэчнай жанчыны. Паміж Каралінай і Дагмарай узнікае асаблівая сувязь, якая змяняе жыццё абедзвюх гераінь. Фільм будзе змагацца за статуэтку ад імя Даніі.
Фільм здымаўся ў Клодзку, Быстжыцы-Клодзкай, Лодзі і Згежы.
«Мядзведзь Войтэк» у рэжысуры Яна Гарднэра (капрадукцыя польска-брытанская) увайшоў у шорт-ліст у катэгорыі найлепшы кароткаметражны анімацыйны фільм.
Сцэнарый заснаваны на рэальнай гісторыі часоў Другой сусветнай вайны. Тытульны мядзведзь Войтэк быў прыручаны салдатамі арміі генерала Уладзіслава Андэрса. Войтэка знайшлі ў Іране, дзе пачаўся баявы шлях палякаў, вызваленых з савецкіх лагераў. Разам з жаўнерамі ён прайшоў шлях ад Ірана праз Ірак, Сірыю, Палестыну, Егіпет, Італію і да Вялікабрытаніі. Падчас бітвы пад Монтэ-Касіна мядзведзь дапамагаў жаўнерам насіць цяжкія скрыні з артылерыйскімі снарадамі, з-за чаго сімвалам 22-й Кампаніі стаў мядзведзь са снарадам у лапах. Пасля вайны Войтэк трапіў у Эдынбургскі заапарк, дзе стаў сімвалам унікальнай дружбы паміж чалавекам і жывёлай. У 2015 годзе ў цэнтры Эдынбурга быў усталяваны помнік Войтэку, які нагадвае пра гэтую незвычайную гісторыю, што дагэтуль захапляе свет.
Фільм «Апельсін з Яфы» у рэжысуры Мухамеда Альмугані (капрадукцыя польска-французская) увайшоў у шорт-ліст у катэгорыі найлепшы кароткаметражны ігравы фільм.
Гісторыя апавядае пра Мухамеда, маладога палестынца, які шукае таксі, каб перайсці кантрольны пункт. Ён хоча далучыцца да сваёй маці, якая чакае яго на ізраільскім баку, каб разам адправіцца ў Яфу, недалёка ад Тэль-Авіва. Фарук, таксіст, вагаецца, бо Мухамед не мае дазволу на пераход, а толькі еўрапейскі студэнцкі білет. Ля кантрольнага пункта аказваецца, што Мухамед ужо спрабаваў перайсці мяжу ў іншым месцы, але безвынікова…
Намінацыі на «Оскар» будуць абвешчаныя 17 студзеня наступнага года.
IAR/нг