Беларуская Служба

Ізраіль занепакоены тым, што Іран можа напасці

05.01.2025 15:12
Начальнік генштаба Ізраіля прывёў армію ў баявую гатоўнасць з-за пагрозы з боку Ірана.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/ATEF SAFADI Dostawca: PAP/EPA.

Начальнік генштаба ўзброеных сіл Ізраіля генерал Герцы Галеві прывёў армію ў стан баявой гатоўнасці ў сувязі з магчымасцю «крайніх крокаў» Ірана ў бліжэйшыя дні, паведамляе ў нядзелю ізраільскі партал Walla.

Сайт са спасылкай на ананімную крыніцу ў ізраільскіх спецслужбах падкрэслівае, што такое рашэнне было прынята з улікам неспрыяльнай рэгіянальнай і ўнутранай сітуацыі - з пункту гледжання Ірана. На думку Ізраіля, гэта можа падштурхнуць Тэгеран да эскалацыі напружанасці.

У гэтым кантэксце ўвага была звернута на няўдачы Ірана ў Ліване і Сірыі, падзенне курсу іранскага рыяла, праблемы з падтрыманнем належнага стану важных інфраструктурных аб'ектаў і палітычныя хваляванні ў краіне.

Крыніца адзначыла, што пагроза таксама вынікае з «нявызначанасці» іранскіх уладаў перад вяртаннем Дональда Трампа ў Белы дом у канцы гэтага месяца.

«Усе гэтыя фактары выклікаюць занепакоенасць Ізраіля, што Іран можа напасці. Ізраільскія ўзброеныя сілы павінны быць гатовыя да розных сцэнарыяў», — падкрэслівае партал Walla.

Ліванская «Хізбала», якую падтрымлівае Іран, за апошнія месяцы панесла значныя страты ў вайне з Ізраілем. Сірыйскі рэжым Башара Асада, які шмат гадоў знаходзіўся ва ўладзе дзякуючы дапамозе Тэгерана і Масквы, быў зрынуты ў пачатку снежня ў выніку маланкавага наступу паўстанцаў, галоўным чынам групоўкі Хаят Тахрыр аш-Шам. Асад і яго сям'я знайшлі прытулак у Расеі.

Падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну, з 2017 па 2021 год, Трамп вывеў ЗША з ядзернага пагаднення 2015 года паміж Іранам і сусветнымі дзяржавамі. Тагачасная адміністрацыя таксама ўвяла жорсткія санкцыі супраць Тэгерана, а ў 2020 годзе Трамп загадаў забіць генерала Касема Сулеймані, камандзіра элітнага іранскага падраздзялення «Аль-Кудс».

PAP/юл