Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у апошнія гадзіны знаходжання на пасадзе памілаваў Энтані Фочы, генерала Марка Мілі і членаў камісіі па расследаванні нападу на Капітолій 6 студзеня 2021 года. Гэтае рашэнне прынята для абароны іх ад магчымай помсты з боку адміністрацыі Дональда Трампа. Пра гэта ў панядзелак паведаміла агенцтва AP.
Такое распараджэнне Байдэн выдаў пасля публічных заяваў Трампа аб стварэнні «спісу ворагаў», у які ўвойдуць палітычныя апаненты будучага прэзідэнта і людзі, адказныя за справы супраць яго.
Былы медыцынскі дарадца прэзідэнта Байдэна і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага інстытута алергіі і інфекцыйных хвароб доктар Энтані Фочы адыграў ключавую ролю ў кіраванні рэакцыяй ЗША на пандэмію covid-19. Уведзеныя па яго рэкамендацыях пандэмічныя абмежаванні раскрытыкавалі амерыканскія правыя.
Генерал Марк Мілі, былы старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў, выказаў, сярод іншага, меркаванне, што Трамп - «фашыст да мозгу». Прэзідэнт Трамп абвінаваціў яго ў дзяржаўнай здрадзе пасля размовы Мілі з яго кітайскім калегам. Генерал нібыта запэўніў яго падчас хваляванняў вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, што Вашынгтон не мае намеру атакаваць Пекін.
Рашэнне Байдэна разглядаецца як беспрэцэдэнтны крок для абароны ключавых чыноўнікаў і палітыкаў на фоне змены ўлады ў ЗША. Прэзідэнт, які сыходзіць, таксама памілаваў свайго сына, абараняючы яго не толькі ад прад'яўленых яму абвінавачванняў, але і ад іншых злачынстваў, якія ён мог здзейсніць за апошняе дзесяцігоддзе.
Трамп падчас кампаніі неаднаразова прапаноўваў «прыцягнуць да адказнасці» тых, хто, на яго думку, «выкарыстоўваў сістэму правасуддзя ў якасці зброі». Асабліва гарачым прыхільнікам помсты з'яўляецца выбраны Трампам кіраўніа ФБР Кэш Патэль, які напісаў серыю дзіцячых кніг на гэтую тэму і абвясціў, што ён таксама «возьме на сябе» журналістаў, якія плятуць змову супраць Трампа.
ав