Аляксей Навальны памёр у калоніі ў Арктыцы, дзе адбываў 19-гадовы тэрмін пазбаўлення волі. Сям'я, паплечнікі, а таксама дэмакратычныя краіны свету прызналі лідара расійскай апазіцыі ахвярай пуцінскага рэжыму.
Удава Аляксея Навальнага Юлія заклікала змагацца за свабодную і мірную Расію. У спецыяльным відэазапісе Юлія Навальная распавяла, што, хоць яе муж быў зняволены, ён змог пацягнуць за сабой расіян. Яна прыгадала архіўны запіс мужа, у якім ён казаў, што нельга забываць, што «мы — велізарная сіла». І падкрэсліла, што Расія - гэта не толькі вайна, карупцыя і рэпрэсіі. «Расія — гэта тыя, хто не маўчыць, тыя, хто працягвае змагацца»:
- Мы добра ведаем, за што змагаемся. За тую Расію будучыні, пра якую марыў Аляксей - вольную, мірную і прыгожую. Гэта магчыма. Давайце зробім усё магчымае, каб яго мары сталі рэальнасцю.
Юлія Навальная падзякавала ўсім, хто памятае яе мужа і падтрымлівае яе. «Наш боль зрабіў нас мацнейшымі, і гэты год паказаў, што мы мацнейшыя, чым думалі», - заявіла ўдава Аляксея Навальнага.
Паплечніца Навальнага Кіра Ярмыш у дзень яго смерці заявіла, што Аляксея забіў Уладзімір Пуцін. «Гэта Пуцін забіў Аляксея Навальнага, і свет павінен пра гэта памятаць», — адзначыла расійская апазіцыянерка.
Пасля смерці лідара апазіцыі маскоўскі рэжым перашкаджаў перадачы цела сям’і, а потым і арганізацыі пахавання.
iar/нг