Усе галасы падлічаны. На парламенцкіх выбарах у Германіі перамаглі хрысціянскія дэмакраты. Новым канцлерам стане Фрыдрых Мерц, калі ён пераканае сацыял-дэмакратаў Олафа Шольца ўвайсці ў кааліцыю.
У новы парламент увойдуць пяць палітычных сіл і прадстаўнік дацкай меншасці. Перамаглі правыя партыі, але хрысціянскія дэмакраты не жадаюць кіраваць разам з экстрэмальнай «Альтэрнатывай для Германіі».
«Саюз Сары Вагенкнехт» не прайшоў у Бундэстаг — гэта адкрывае шлях да двухпартыйнай кааліцыі ХДС/ХСС і СДПГ. Фрыдрых Мерц і яго партыя ХДС/ХСС атрымалі пераканаўчую перамогу на выбарах, набраўшы 28,6% галасоў. Для сацыял-дэмакратаў (СДПГ) выбары сталі катастрофай: з 16,4% галасоў партыя паказала найгоршы вынік у сваёй гісторыі. Олаф Шольц прызнаў паражэнне.
Свабодныя дэмакраты (СвДП) цалкам правалілі выбары, набраўшы толькі 4,3% і страціўшы месцы ў Бундэстагу. Пасля гэтага лідар партыі Крысціян Лінднэр заявіў аб завяршэнні сваёй палітычнай кар’еры.
Іншымі пераможцамі выбараў сталі «Альтэрнатыва для Германіі» (20,8%) і Левая партыя (8,8%), якія зараз могуць заблакаваць некаторыя рашэнні парламента, якія патрабуюць дзвюх трацін галасоў. А вось «Зялёныя» пагоршылі свой вынік у параўнанні з выбарамі 2021 года і сыходзяць у апазіцыю, што стала моцным ударам для іх лідара Роберта Хабека.
Каб атрымаць большасць, кансерватарам патрэбна толькі дамоўленасць з сацыял-дэмакратамі, і менавіта кааліцыя ХДС-СДПГ, якую ў Германіі называюць «вялікай кааліцыяй», на дадзены момант з'яўляецца адзіным рэальным двухпартыйным рашэннем.
Фрыдрых Мерц хоча пачаць кааліцыйныя перамовы на працягу тыдня і сфармаваць урад да Вялікадня, які сёлета святкуецца ў другой палове красавіка.
IAR/нг