Беларуская Служба

Суддзі загадваюць адміністрацыі Трампа аднавіць на працы тысячы звольненых работнікаў

14.03.2025 08:41
Reuters апісвае пастановы акруговых суддзяў Мэрыленда і Каліфорніі як самы вялікі ўдар па намаганнях Трампа і яго дарадцы Ілана Маска.
Дональд Трамп PAP/EPA/YURI GRIPAS / POOL

Два федэральныя суддзі ў Злучаных Штатах у чацвер загадалі адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа аднавіць на працы дзясяткі тысяч работнікаў, якія былі выкінутыя з працы ў апошнія тыдні ў рамках масавых звальненняў у некалькіх дзяржаўных установах, паведамляе Reuters.

Reuters апісвае пастановы акруговых суддзяў Мэрыленда і Каліфорніі як самы вялікі ўдар па намаганнях Трампа і яго дарадцы Ілана Маска рэзка скараціць колькасць людзей, занятых у дзяржаўным кіраванні краіны.

Суддзя Джэймс Брэдар у Балтыморы задаволіў хадайніцтва 20 штатаў пад кіраўніцтвам дэмакратаў і 18 дзяржаўных агенцтваў аб тым, што масавыя звальненні штату работнікаў на выпрабавальным тэрміне парушаюць федэральныя законы аб служачых.

Некалькімі гадзінамі раней суддзя Уільям Алсуп у Сан-Францыска пастанавіў аднавіць на працы звольненых на выпрабавальны тэрмін супрацоўнікаў міністэрстваў абароны, міністэрства па справах ветэранаў, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, унутраных спраў і фінансаў.

«Гэта сумны дзень, калі наш урад звальняе добрага супрацоўніка і сцвярджае, што гэта адбываецца з-за вынікаў яго працы, хоць ён добра ведае, што гэта хлусня», - сказаў суддзя Алсуп.

Прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Лівіт заявіла, што Алсуп не мае паўнамоцтваў прымаць такія рашэнні. Яна заявіла, што ўрад будзе змагацца з гэтай пастановай.

Суддзя Алсуп сказаў, што федэральныя агенцтвы маюць права праводзіць масавыя звальненні, але яны павінны прытрымлівацца пэўных правілаў. Працоўныя на выпрабавальным тэрміне, якія звычайна працуюць год ці менш, маюць менш абароны, але звычайна могуць быць звольненыя толькі з-за праблем з прадукцыйнасцю, паведамляе Reuters.

New York Times паведаміла ў лютым, што тысячы работнікаў, якія праходзяць выпрабавальны тэрмін, былі звольненыя з федэральных агенцтваў, выбраных менавіта таму, што ў іх была меншая абарона. Многія заявы ўтрымлівалі спасылкі на нібыта недастатковую эфектыўнасць працы, хаця звычайна ніякіх доказаў не прыводзілася, паведамляе газета.

ав