Еўракамісія прыпыняе ўвядзенне мыт на амерыканскія тавары на 90 дзён у адказ на дзеянні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўчора абвясціў аб часовым прыпыненні высокіх мыт на тавары з Еўрасаюза, на аналагічны перыяд.
«Мы хочам даць шанец перамовам», — напісала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на партале X. Пазней прэс-сакратар Еўракамісіі Улоф Гіл пацвердзіў гатоўнасць ЕС да перамоў з ЗША:
— Мы хочам дыялогу з амерыканцамі. Мы хочам дасягнуць узаемавыгадных дамоўленасцей. Мы прапанавалі ім нулявыя тарыфы на харчовыя і прамысловыя тавары. Мы лічым, што можам дасягнуць мноства ўзаемавыгадных вынікаў, пазбягаючы тарыфаў, якія мы лічым шкоднымі і неэфектыўнымі.
Еўракамісія прыняла такое рашэнне пасля кансультацый з амбасадарамі ЕС, праведзенымі раніцай 10 красавіка. Гэта азначае, што тарыфы ЕС на амерыканскую прадукцыю ў адказ на тарыфы, уведзеныя ЗША ў сярэдзіне сакавіка на сталь і алюміній, не ўступяць у сілу ў наступны аўторак, 15 красавіка. Аднак Еўракамісія падкрэслівае, што калі перамовы з ЗША не будуць плённымі, тарыфы ўступяць у сілу.
IAR/эж