Беларуская Служба

Прэм'ер-міністр Мелоні пракаментавала сустрэчу з Трампам: лаяльная і канструктыўная дыскусія

18.04.2025 08:24
Цяпер італьянскі бок спадзяецца «арганізаваць» сустрэчу паміж Трампам і інстытутамі Еўрасаюза.
      -           .
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні сустрэліся ў Авальным кабінеце Белага дома ў Вашынгтоне.EPA/CHRIS KLEPONIS / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Прэм'ер-міністр Італіі Джорджыя Мелоні пасля сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Белым доме ў чацвер ацаніла яе як «лаяльную і канструктыўную дыскусію па стратэгічных пытаннях». Яна запэўніла, што адносіны паміж краінамі застаюцца трывалымі.

У пасце на партале X кіраўнік італьянскага ўрада падкрэсліла: «Працуем разам, каб пабудаваць больш моцны Захад».

У справаздачы аб сустрэчы з прэзідэнтам Дональдам Трампам Мелоні адзначыла: «Лаяльная і канструктыўная дыскусія па стратэгічных пытаннях: ад бяспекі да абароны, ад барацьбы з нелегальнай іміграцыяй да гандлёвых адносін».

Прэм'ер-міністр дадала, што запрасіла прэзідэнта ЗША ў Рым і выказала радасць, што ён прыняў яе запрашэнне.

«Гэта будзе яшчэ адна магчымасць умацаваць дыялог паміж нашымі краінамі», — адзначыла Мелоні.

Палітык дадала, што «Італія заўсёды адыгрывала вядучую ролю на міжнароднай арэне, якая хутка змяняецца. І сёння, таксама дзякуючы праведзенай за гэтыя гады працы, да нашага пункту гледжання прыслухоўваюцца і паважаюць».

«Сувязі паміж Італіяй і ЗША застаюцца трывалымі, жыццёва важнымі і вырашальнымі для сумеснага супрацьстаяння вялікім глабальным выклікам», — падкрэсліла італьянская прэм'ер-міністр.

Газеты адзначаюць, што кіраўнік урада запрасіла Трампа ў Рым і прапанавала сустрэцца з лідарамі ЕС. Але, дадаюць, што яна не пераканала яго перадумаць наконт тарыфаў.

У бліжэйшыя гадзіны Джорджыя Мелоні пагутарыць кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, каб паведаміць аб размове ў Белым доме. Мелоні спадзяецца «арганізаваць» сустрэчу паміж Трампам і інстытутамі ЕС. Але ў ЕС пакуль скептычна ставяцца да магчымасці пагаднення з ЗША.

ПР/юл