Маштабнае адключэнне электрычнасці (блэкаут), што адбылося ў Чэхіі ў пятніцу, 4 ліпеня, выклікала тэхнічная няспраўнасць на лініі электраперадач на захадзе краіны. Пра гэта пасля пасяджэння цэнтральнага крызіснага штаба паведаміў прэм’ер-міністр Петр Фіяла. Палітык падкрэсліў, што магчымасць кібератакі або іншых падобных умяшанняў на дадзены момант выключаецца.
«Асноўная прычына аварыі нам вядомая. Яна ўзнікла ў выніку тэхнічнай няспраўнасці на заходнечэшскай лініі перадачы. У публічнай прасторы гучаць розныя здагадкі, але мы можам з упэўненасцю сказаць: гаворка не ідзе пра кібератаку ці нешта падобнае», — заявіў кіраўнік урада Чэхіі.
Адключэнне электрычнасці закранула шматлікія рэгіёны Чэхіі, уключна з большай часткай Прагі, а таксама Цэнтральна-Чэшскі, Лібярэцкі, Устэцкі краі і частку Усходняй Чэхіі. У сталіцы былі выведзены з ладу восем падстанцый магістральнай сеткі, не працавалі метро і трамваі.
У разгар аварыі без электрычнасці засталося каля паўмільёна карыстальнікаў. Паводле аператара энергасеткі, электразабеспячэнне ўжо адноўлена ўсім спажыўцам. Пэўныя цяжкасці яшчэ застаюцца на чыгунцы: хаця рух на ўсіх участках адноўлены, некаторыя цягнікі працягваюць спазняцца.
IAR/PAP/эж