Журналісты рускамоўнай рэдакцыі «Вот так» Польскага тэлебачання правялі расследаванне рэзкага павелічэння колькасці цяжкіх злачынстваў, учыненых расійскімі салдатамі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.
Паводле звестак «Вот так», заснаваных на аналізе базы дадзеных судовых спраў, у перыяд з 2022 па 2025 год у ваенныя суды гарнізонаў было перададзена 729 спраў аб забойствах.
За чатыры гады да ўварвання такіх спраў было зарэгістравана толькі 67.
Журналісцкае расследаванне паказала, што:
– колькасць спраў аб забойствах, учыненых салдатамі па-за зонай баявых дзеянняў, павялічылася як мінімум у 11 разоў пасля паўнамаштабнага ўварвання;
– з 2022 года ў суды было перададзена 549 спраў аб сексуальным гвалце, з якіх як мінімум 312 тычацца непаўналетніх;
– прысуды па такіх справах практычна не публікуюцца;
– большасць ахвяр былі не аднапалчанамі, а мірнымі жыхарамі: знаёмымі, блізкімі або выпадковымі асобамі па-за зонай баявых дзеянняў;
– амаль у трох чвэрцях прааналізаваных прысудаў за забойствы быў звязаны алкаголь;
– справы аб марадзёрстве практычна ніколі не даводзяцца да суда, нягледзячы на наяўнасць шматлікіх доказаў такіх злачынстваў.
З-за абмежаванай празрыстасці судовай сістэмы ў Расіі і спецыфікі разгляду спраў у ваенны час рэальныя маштабы злачыннасці могуць быць значна вышэйшымі, чым паказваюць афіцыйныя дадзеныя, сцвярджаюць аўтары журналісцкага расследавання каманды «Вот так».
яс