Беларуская Служба

Еўракамісія папярэджвае Албанію з нагоды будаўніцтва эксклюзіўнага курорта

08.06.2026 18:01
Інвестыцыя коштам прыблізна 1,5 мільярда еўра, звязаная з зяцем прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнерам.
,    ,               -   .
Албанцы, якія жывуць у Афінах, і грэкі пратэстуюць супраць планаванага ў Албаніі будаўніцтва эксклюзіўнага курорта ў ахоўнай зоне лагуны Вёсэ-Нарта і вострава Сазані. PAP/EPA/Alexandros Beltes

Еўрапейская камісія папярэдзіла Албанію, што будаўніцтва эксклюзіўнага курорта, звязанага з зяцем прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнерам, можа перашкодзіць Тыране на шляху ўступлення ў Еўрапейскі Саюз.

Брусель паўтарае, што кандыдаты на членства павінны прытрымлівацца прынцыпаў аховы навакольнага асяроддзя, забяспечваць празрыстыя адміністрацыйныя працэдуры і паважаць вяршэнства закона.

Інвестыцыя коштам прыблізна ў 1,5 мільярда еўра запланаваная ля лагуны Вёсэ-Нарта і вострава Сазані — адной з самых каштоўных прыродных зон на ўзбярэжжы Албаніі.

Праціўнікі праекта папярэджваюць, што будаўніцтва можа пагражаць асяроддзю пражывання фламінга, марскіх чарапах і іншых ахоўных відаў.

Масавыя пратэсты супраць інвестыцый прайшлі ў сталіцы Тыране і іншых албанскіх гарадах. Дэманстранты абвінавачваюць урад прэм'ерa Эдзі Рамы ў адсутнасці празрыстасці і адданні перавагі замежным інвестарам над грамадскімі інтарэсамі.

Урад у Тыране адмаўляе абвінавачванні і запэўнівае, што праект будзе рэалізаваны ў адпаведнасці з албанскім і еўрапейскім заканадаўствам. Прэмʼер-міністр падкрэслівае, што інвестыцыі прызначаны для прыцягнення заможных турыстаў і падтрымкі эканамічнага развіцця краіны.

IAR/аз