Услед за Украінай Малдова таксама пачала перамовы аб далучэнні да Еўрапейскага Саюза. Афіцыйнае адкрыццё першых перамоўных раздзелаў адбылося ў Люксембургу падчас сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС.
Улады Кішынёва падалі заяўку на членства ў ЕС менш чым праз тыдзень пасля нападу Расіі на Украіну. Праз некалькі месяцаў Малдова атрымала статус кандыдата разам з Украінай.
Прыднястроўе не стане перашкодай на шляху Малдовы ў Еўрапейскі Саюз, запэўніла пасол Еўрапейскага Саюзу ў Кішынёве Івона Пёрка-Берміг. Яе заява была прысвечана перасцярогам, што нявырашаны канфлікт з сепаратысцкім рэгіёнам, які кантралюецца прарасійскімі ўладамі, можа заблакаваць працэс далучэння.
Прадстаўніца ЕС падкрэсліла, што Брусэль вядзе перамовы аб далучэнні з усёй Рэспублікай Малдова, і што пытанне рэінтэграцыі Прыднястроўя і працэс далучэння да ЕС — гэта два асобныя, хоць і ўзаемазвязаныя, працэсы.
Падобную пазіцыю раней выказала кіраўніца знешняй палітыкі ЕС Кая Калас, якая падчас візіту ў Кішынёў заявіла, што Прыднястроўе не павінна стаць перашкодай для еўрапейскай будучыні Малдовы. Адначасова ЕС падкрэслівае сваю нязменную падтрымку мірнага ўрэгулявання канфлікту і вываду расійскіх войскаў з рэгіёну.
Гэта важны палітычны сігнал для прэзідэнта Маі Санду і яе групы, бо інтэграцыя з ЕС застаецца адной з галоўных мэтаў цяперашняга ўрада ў Кішынёве. Эксперты таксама адзначаюць, што, хоць сам канфлікт фармальна не блакуе перамовы, сітуацыя ў Прыднястроўі застаецца праблемай для бяспекі Малдовы і ўсяго рэгіёну.
ПР/юл