Беларуская Служба

Дзясяткі тысяч імёнаў у спісе зніклых без вестак пасля землятрусу ў Венесуэле

26.06.2026 13:14
Уладам не хапае абсталявання для выратавання людзей, якія застаюцца пад заваламі.
   -
Наступствы землятрусаў у Ла-ГуайрыREUTERS

Па стане на раніцу пятніцы ў спісе зніклых без вестак пасля землятрусу ў Венесуэле было больш за 50 тысяч імёнаў. Семʼі ахвяр імкнуцца дабрацца да людзей, пахаваных пад заваламі, паведамляе AP.

У ноч з серады на чацвер у Венесуэле адбыўся двайны землятрус. Загінулі не менш за 235 чалавек, але эксперты баяцца, што гэтая лічба можа павялічыцца да дзясяткаў тысяч.

Гуманітарная дапамога абцяжарана тым, што міжнародны аэрапорт знаходзіцца ў штаце Ла-Гуайра, на поўнач ад Каракаса, які найбольш пацярпеў. Агенцтва DPA паведаміла, што аэрапорт зачынены з-за пашкоджанняў. У Ла-Гуайры ад катастрофы пацярпелі 70 тысяч семʼяў, абвясціў у чацвер вечарам міністр унутраных спраў Дыясдада Кабелья.

Уладам не хапае абсталявання для выратавання людзей, пахаваных пад заваламі.

— Мы чулі крыкі жанчыны, якая жыла на 11-м паверсе. Яна размаўляе са мной. Але ў нас няма інструментаў, у нас няма магчымасці ёй дапамагчы,  сказаў Антоніа Бэрмудэс агенцтву AFP.

У сацыяльных сетках зʼявіліся відэа, на якіх чуваць галасы з-пад зямлі: адчайныя крыкі людзей, пахаваных жыўцом, якія клічуць на дапамогу, паведамляе AFP.

Выконваючая абавязкі прэзідэнта Дэльсі Радрыгес заклікала прыватныя кампаніі прадаставіць цяжкую будаўнічую тэхніку для выратавальных аперацый. У сваёй прамове ў сераду ўвечары яна абвясціла аб стварэнні фонду рэканструкцыі ў памеры 200 мільёнаў долараў.

Геалагічная служба ЗША (USGS) паведаміла, што эпіцэнтр абодвух землятрусаў знаходзіўся прыблізна ў 170 км на захад ад Каракаса. Падвойны землятрус у спалучэнні з сейсмічнай актыўнасцю стаў прычынай такіх сурʼёзных разбурэнняў, паведаміў агенцтву AP геафізік і даследчык Бразільскай геалагічнай службы Маркас Фэрэйра.

PAP/юл