Беларуская Служба

Грузіны памятаюць пра Леха Качыньскага

12.08.2019 13:01
Сёння мінае 11-я гадавіна выступлення тагачаснага прэзідэнта Польшчы на мітынгу ў Тбілісі.
    .
Бюст Леха Качыньскага ў Тбілісі.Kancelaria Sejmu / Łukasz Błasikiewicz

Грузіны памятаюць пра Леха Качыньскага. Сёння мінае 11-я гадавіна выступлення тагачаснага прэзідэнта Польшчы на мітынгу ў Тбілісі. У жніўні 2008 года, у пяты дзень расейска-грузінскай вайны, Лех Качыньскі прыляцеў у Грузію, каб аказаць грузінам падтрымку і салідарнасць з боку Польшчы.

Расейска-грузінская вайна пачалася ў ноч з 7 на 8 жніўня. 12 жніўня расейскія войскі занялі гарады Каралеці і Горы і рушылі ў бок Тбілісі.

З першых гадзін вайны прэзідэнт Лех Качыньскі звяртаўся да Еўрапейскага Саюза, НАТО і ЗША з просьбай адрэагаваць на расейскую агрэсію.

У самалёт, якім ляцеў у Тбілісі, польскі лідар запрасіў кіраўнікоў Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Позна ўвечары 12 жніўня польскі прэзідэнт прамовіў да 200 тысяч грузінаў, якія сабраліся ў Тбілісі.

На думку грузінскіх палітыкаў і каментатараў, візіт Леха Качыньскага стаў важным элементам спынення расійскай агрэсіі.

Пра гэта кажа таксама амбасадар Польшчы ў Грузіі Марыюш Машкевіч (Mariusz Maszkiewicz).

„Сур'ёзныя аналітыкі паказваюць на ключавое значэнне візіту польскага прэзідэнта 12 жніўня ў Тбілісі, бо калі б не ён, расейцы пайшлі б далей”, - дадае польскі дыпламат.

Удзячныя грузіны назвалі вуліцы і плошчы ў гонар польскага прэзідэнта, а ў Тбілісі ўсталявалі бюст польскага лідэра.

аз