У сувязі з ваеннай аперацыяй Турэччыны ў Сірыі ўрад ФРГ спыніў экспарт зброі для турэцкай арміі. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Нямеччыны Хайка Мас у інтэрв'ю газеце Bild am Sonntag у суботу, 12 кастрычніка.
«З улікам турэцкага наступу на паўночным усходзе Сірыі ўрад ФРГ больш не будзе даваць дазвол на продаж прадукцыі ваеннага прызначэння, якую Турэччына можа задзейнічаць у Сірыі», – падкрэсліў міністр замежных спраў. Чалец блока НАТА Турэччына зʼяўляецца найбуйнейшым імпарцёрам нямецкай зброі.
Пасля ФРГ ад экспарту зброі ў Турэччыну ў той жа дзень адмовілася і Францыя. Як вынікае з сумеснай заявы французскіх міністэрстваў абароны і замежных спраў, турэцкі наступ на поўначы Сірыі пагражае еўрапейскай бяспецы. У сувязі з гэтым Парыж неадкладна спыняе экспарт усіх відаў узбраенняў, якія могуць быць задзейнічаны ў рамках ваеннай аперацыі Анкары. Акрамя таго, у заяве адзначаецца, што кіраўнікі МЗС краін-членаў Еўрапейскага Звязу на пасяджэнні ў Люксембургу, якое намечана на панядзелак, 14 кастрычніка, выпрацуюць скаардынаваную пазіцыю ў дачыненні да турэцкіх дзеянняў.
У сваю чаргу прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан у тэлефоннай размове з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам 12 кастрычніка выказаў сурʼёзныя асцярогі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ў Сірыі і заклікаў прэзідэнта Эрдагана скончыць ваенную аперацыю і пачаць дыялог.
Як паведаміў прадстаўнік брытанскага ўрада, прэмʼер-міністр лічыць, што турэцкая аперацыя «можа пагоршыць гуманітарную сітуацыю ў гэтым рэгіёне і падарваць прагрэс», дасягнуты ў барацьбе з тэрарыстамі «Ісламскага дзяржавы». «Прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Барыс Джонсан ясна даў зразумець, што яго краіна не можа падтрымаць ваенныя дзеянні Турэччыны», – заявіў прадстаўнік Лондана.
паводле dw.com/эж