Беларуская Служба

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану

01.11.2019 12:11
Такім чынам пад дзеянне абмежавальных захадаў могуць патрапіць нават еўрапейскія фірмы, якія забяспечваюць пералічанымі таварамі кліентаў у Іране.
.
. PAP/EPA/SHAWN THEW

Новыя абмежаванні тычацца будаўнічага сектара Ісламскай Рэспублікі. Акрамя таго, пад забарону падпалі пастаўкі Тэгерану шэрагу матэрыялаў. Адпаведны дакумент падпісаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа, паведаміла ў чацвер, 31 кастрычніка, прэс-сакратар амерыканскага дзярждэпартаменту Морган Ортагус.

Вашынгтон будзе перашкаджаць Ірану ў набыцці «стратэгічных матэрыялаў для Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, будаўнічага сектара і праграм па распаўсюджванню» ядзернай зброі, гаворыцца ў дакуменце.

Гэтыя меры дадуць магчымасць Злучаным Штатам захаваць кантроль за сітуацыяй у атамнай энергетыцы Ірану, не дазволіць Тэгерану скараціць «час прарыву» для атрымання атамнай зброі, а таксама перашкодзіць рэжыму перапрафіляваць свае аб'екты ў інтарэсах ядзернага распаўсюджвання, падкрэслілі ў Дзярждэпе.

Санкцыі закрануць продаж і прадстаўлення Ірану металаў, вугалю і прамысловага абсталявання. Акрамя таго, забарона распаўсюдзіцца на матэрыялы, якія могуць выкарыстоўвацца для ваеннага прызначэння. Таксама былі забароненыя пастаўкі Тэгерану сталёвых труб, некаторых відаў сталі і металаў, якія ўваходзяць у склад прыпою.

Такім чынам пад дзеянне абмежавальных захадаў могуць патрапіць нават еўрапейскія фірмы, якія забяспечваюць пералічанымі таварамі кліентаў у Іране.

паводле dw.com/эж