Беларуская Служба

Расійскі гісторык лічыць, што зняцце табліц аб ахвярах НКУС з'яўляецца фальшаваннем гісторыі

26.02.2021 15:12
Суд у Цверы адхіліў хадатайніцтва незалежных гісторыкаў па справе зняцця табліц з медыцынскага ўніверсітэта.
Зняцце памятных табліц пра ахвяры НКУС у ТверыFacebook/Artem Vazhenkov

У траўні мінулага года са сцяны будынка, які належыць Цвярскому медыцынскаму ўніверсітэту, былі знятыя таблічкі ў памяць аб ахвярах сталінскіх злачынстваў. Адна з іх была прысвечана польскім афіцэрам, забітым вясной 1940 года НКУС, а іншая - грамадзянам СССР, знішчаным савецкімі службамі.

Паводле ацэнкі гісторыка арганізацыі «Мемарыял» Мікіты Пятрова, улады Расіі спрабуюць прыхаваць сталінскія злачынствы, каб у лепшым святле прадставіць Савецкі Саюз. – «Гэта працэс вяртання не столькі прама да савецкіх догмаў, якія часта заснаваныя на хлусні, колькі прыняцце мер, якія вядуць да скажэння і фальсіфікацыі праўды, гэта перакручванне сітуацыі з ног на галаву», – адзначыў даследчык сталінскіх злачынстваў. Дошкі ў памяць аб ахвярах сталінскіх злачынстваў былі ўсталяваныя ў Цверы ў пачатку 90-х гг, калі польскія і рускія гісторыкі выявілі, што менавіта ў падвалах дома, які належыць медыцынскаму ўніверсітэту, знаходзілася камера НКУС, дзе расстрэльвалі палонных. Даследаванні гісторыкаў паказваюць, што саветы забілі там 6300 польскіх афіцэраў, а іх целы пахавалі ў Медным.

Расійскі «Мемарыял» будзе выкарыстоўваць усе юрыдычныя магчымасці для таго, каб у Цверы зноў павесілі таблічкі ў памяць аб ахвярах сталінскіх злачынстваў, – заявіў Польскаму радыё кіраўнік польскай секцыі асацыяцыі Аляксандр Гур'янаў. Учора Цвярскі суд адхіліў хадатайніцтва «Мемарыяла» па гэтай справе, адклаўшы публікацыю абгрунтавання на 5 сакавіка. Паводле ацэнкі незалежных гісторыкаў і каментатараў, улады Расіі прадпрымаюць крокі, каб сцерці са старонак гісторыі сталінскія злачынствы і тым самым ачысціць імідж Савецкага Саюза і Чырвонай Арміі.

IAR/аев